Skip to main content
Логотип

Майстар-клас па вырабе ружанца

IMG 20250924 124728 464

Ружанец – вельмі папулярная малітва ва ўсім свеце. Сярод вернікаў існуе нават меркаванне, што гэта самая містычная пасля Эўхарыстыі малітва, бо як толькі ты яе адгаварыў, адчуваеш сябе зусім іншым чалавекам.

“Спярша бярэм шнурок, бусіны, нажніцы. Адразаем шнурок каля 35 см і замацоўваем яго на скобу, нацягваючы на шчыльны кардон або дошчачку. Другі – даўжынёй прыкладна 200 см – завязваем на вузельчык зверху пасярэдзіне”, – распавядае Вікторыя Банцэвіч. Дзяўчына прыбыла па запрашэнні ў рэдакцыю, каб правесці майстар-клас па пляценні ружанца на руку. Ужо некалькі гадоў Вікторыя займаецца дадзеным рамяством.

IMG 20250924 124650 883

“Лепш браць васкаваны шнур. Ён менш сціраецца з часам, больш трывалы. Бусіны можна выбіраць на любы густ. Аднолькава прыгожа выглядаюць з пластыка, дрэва, металу, акрылу, шкла”, – тлумачыць рамесніца.

IMG 20250924 124736 356

“Пляцём напачатку 6-8 вузлоў, у залежнасці ад памеру запясця. Адзін вузел вяжам наверх, другі – падніз, – дэманструе Вікторыя і заўважае, што тэхніка пляцення вузлоў узятая з макрамэ. – Нанізваем бусіну, а пасля 2-3 вузлы ў такой жа паслядоўнасці, чаргуючы. І так з усімі бусінамі”.

Як высвятляецца, у творчай калекцыі майстрыхі каля 200 самаробных ружанцаў. “Мне даспадобы гэты карпатлівы працэс. Стварэнне ружанцаў дазваляе дакрануцца да чагосьці патаемнага, што ёсць унутры, а таксама несці прыгажосць у свет”, – гаворыць Вікторыя.

Дзяўчына ўзгадвае, як у дзяцінстве на катэхезе давалі хатняе заданне – зрабіць ружанец. І дзеці майстравалі: з каштанаў, рабіны. “Гэта было неверагодна! Амаль з нічога ты можаш зрабіць каштоўную рэч – масток, які будзе служыць табе для сувязі з Богам, – заўважае Вікторыя. – Некаторым людзям ружанец прыносіць на малітве палёгку, супакаенне, надзею, яснасць... Мне заўсёды прыемна ў некаторай ступені мець да гэтага дачыненне”.

IMG 20250924 124728 490

У бяседзе Вікторыя распавядае, што на дзень нараджэння ад бабулі атрымала ружанец і Біблію, якія яна прывезла з Ватыкана пасля сустрэчы з папам Янам Паўлам ІІ. “Мая бабуля была вельмі веруючая. Шмат дапамагала касцёлам і ксяндзам, якія ў той час служылі. Ведаю, што нават прагнула, каб хтосьці з нас, унукаў, прысвяціў сваё жыццё службе Богу”, – дзеліцца дзяўчына.

Крыжык або медалік – па жаданні – замацоўваецца на ружанцы напрыканцы. “На завяршэнне робім рухомую зашпільку, абпальваем шнурок на канцах – вось і гатова”, – прэзентуе работу рамесніца.

Увага! Розыгрыш!

Паважаныя Чытачы, ружанец у выглядзе бранзалета, выраблены ў рэдакцыі, можа дастацца любому з Вас. Дасылайце свае гісторыі пра ружанец да 15 кастрычніка на паштовы адрас: 230025, г. Гродна, вул. Карла Маркса, 4 – або на электронны: slowo.grodnensis@gmail.com. Паведамленні таксама прымаюцца на Viber па нумары тэлефона: (8 033) 664-60-66. Лепшыя гісторыі будуць апублікаваны ў газеце і адзначаны прызамі.

Падрыхтавалі Ангеліна Пакачайла, Вольга Сяліцкая