Вольга Цівунчык
Упершыню я ўбачыла ружанец на вёсцы ў сваіх бабулі і дзядулі, да якіх ездзіла ў Брузгі. У кожнага быў свой ружанец, з карычневымі драўлянымі бусінамі. Яны беражліва захоўвалі ружанцы ў хустачцы ў шуфлядзе стала.
Памятаю, была традыцыя вясковая на май і чэрвень: у адной з хат стаяла фігура Маці Божай, ля якой ставілі кветкі, запальвалі свечкі і маліліся на ружанцы. Такім было маё знаёмства з Ружанцам…
Свой асабісты я атрымала на Першай Камуніі. А самым каштоўным і значным для мяне з’яўляецца ружанец, падараваны папам Янам Паўлам ІІ на аўдыенцыі ў Ватыкане.
Анастасія Тышко
Свой першы ружанец я атрымала ў падарунак пасля года заняткаў па катэхезе. Ва ўсіх дзяцей яны былі розныя, мне дастаўся з фосфару. Мы тады толькі вучылі малітвы, і я не ўмела самастойна маліцца на ружанцы. Але з гонарам заўсёды брала яго на сямейную вячэрнюю малітву.
Мы з братам жылі ў адным пакоі. Над галавой у нас вісела бра, на якое я павесіла свой ружанец. Ён, як ліхтарык, ярка свяціўся ў цемры.
Аднойчы ноччу мы прачнуліся ад дзіўнага шоргату. Аказалася, праз акно заляцеў кажан. Ён вельмі настойліва намагаўся зняць з бра ружанчык. Брат паспешна выгнаў кажана на вуліцу. Праз тыдзень гісторыя паўтарылася! Мы ледзь паспелі схапіць ружанец за крыжык, які ўжо ляцеў у фортку.
Праз шэсць гадоў я страціла брата – мне тады было 15. Гэта быў вельмі складаны час... Перажыць страту мне дапамог кс. Здзіслаў Вэдэр, пробашч нашай парафіі ў Смаргоні. Аднаго разу ён спытаў, ці малюся я ружанцам, шукаючы спакою. І мне давялося распавесці гісторыю пра тое, як любімы ружанец захоўваецца за шклом у буфеце, бо яго амаль не сцягнуў кажан.
І, мабыць, мне так захацелася ўзгадаць тыя часы з братам, калі над нашымі галовамі, быццам крылы анёла, парыў ружанец, што ў тую ж ноч дастала яго і павесіла на кніжную паліцу насупраць ложка. Прачнулася сярод ночы і не ўбачыла ружанец. Павярнулася да акна, злосная, і… якім было маё здзіўленне, калі заўважыла на яблыні пад святлом месяца свой ружанец, які літаральна палаў. Ён свяціўся так ясна, што здавалася, нібы стаіць дзень. Гэта аказала на мяне вельмі вялікае ўражанне.
Зараз маю іншы ружанец. Але той, дарагі сэрцу, па-ранейшаму захоўваецца ў бацькоў. Калі падрасце мая дачка, вырашыла перадаць ружанец ёй.
Яўген Рак
Майму першаму ружанцу ўжо чатыры гады. Я атрымаў яго на Белым тыдні, пасля сваёй Першай Камуніі, з рук а. Віталія Юркевіча, які раней служыў у Слоніме.
Ружанец для мяне тады быў чымсьці надзвычайным, бо хоць і ведаў, што гэта такое, і бачыў, як людзі на ім моляцца, але дагэтуль сам не практыкаваў ружанцовую малітву. Калі захварэла бабуля, я вырашыў памаліцца на ружанцы аб здароўі для яе. Праз некалькі дзён бабуля паправілася.
Мне вельмі падабаецца ружанцовая малітва, бо праз яе можна як бы паразмаўляць з Маці Божай, звярнуцца да Яе з просьбай, якая абавязкова будзе выслухана.
Юлія Фрэйбергс
Аднойчы наша бабуля прыехала ў Радунь наведаць нас са стрыечнай сястрой перад важнай падзеяй – прыняццем першай св. Камуніі. Мы з Веранікай з нецярплівасцю чакалі гэтага дня.
Памятаю, як бабуля вярнулася з крамы, трымаючы ў руках невялікі пакуначак. “У мяне ёсць для вас сюрпрыз”, – сказала яна з усмешкай. У пакуначку ляжалі два ружанцы. “Глядзіце ўважліва”, – прашаптала бабуля і вынесла ружанцы на сонца. Мы з Веранікай заціхлі ад здзіўлення. “А вось зараз пачакайце да вечара”, – загадкава сказала бабуля.
Дзень цягнуўся невыносна доўга. Мы з сястрой ледзьве маглі дачакацца, калі сонца схаваецца за гарызонт. Нарэшце, калі ў пакоі пачала згушчацца цемра, мы дасталі свае ружанцы. І… о цуд! Пацеркі заззялі мяккім, белым святлом. Яны нібы свяціліся знутры, ствараючы вакол сябе атмасферу таямнічасці і спакою.
Мы з Веранікай сядзелі моўчкі, зачараваныя гэтай незвычайнай прыгажосцю. Бабуля села побач, узяла нас за рукі і прапанавала разам памаліцца. У цемры, асветленай ззяннем ружанцаў, нашы галасы зліліся ў ціхай малітве.
З таго часу ружанцы для нас з’яўляюцца не проста рэлігійным атрыбутам, але таксама і сімвалам роднаснай духоўнай сувязі і чароўнага святла, якое заўсёды з намі, нават у самыя цёмныя часы.
Вікторыя Каленік
Свой першы ружанец я атрымала пасля Першай Камуніі, калі мне было 12 гадоў. Ён быў вельмі прыгожы, але мне так і не ўдалося навучыцца маліцца на ім. Падлеткавы ўзрост, цікавіла іншае…
І вось прыйшоў “час майго ружанца”. У 2025 годзе, у мае 27 гадоў. Мы з дачкой былі на Агульнабеларускіх днях моладзі. Яна пачала шукаць у натоўпе знаёмыя твары, але хутка разгубілася і стала побач з першым святаром, які трапіўся на вочы. Праз некалькі хвілін ён працягнуў маёй дачцэ ружанец – такі маленькі, як яна сама. Мы ўзялі і падзякавалі за падарунак.
З таго часу гэты ружанец са мной. Відаць, дадзены падарунак прызначаўся не для дачкі, а праз яе – для мяне. Заўсёды нашу яго з сабой.
Падрыхтавалі Ангеліна Пакачайла, Вольга Сяліцкая