Skip to main content
Логотип

Талент, збаўлены Ім

Unknown 3

Людскі розум не можа да канца зразумець ход усіх падзей і некаторыя прычынна-выніковыя сувязі нават ва ўласным жыцці. Толькі Бог ведае сваю задуму аб свеце і аб чалавеку…

Сабіну Дзякун многія памятаюць як салістку моладзевага гурта OPEN, бо зваёўвала слухачоў сваім моцным зычным спевам. Як у дзяўчыны пасля страты голасу атрымалася зноў выйсці на сцэну? І якую ролю ў гэтых абставінах яна адводзіць Божаму Провіду?

Натхненне звыш

Сабіна спявае хвалу Пану з 15-гадовага ўзросту. Яе часта запрашалі выступаць на вялікіх пляцоўках пры кожнай дыяцэзіяльнай нагодзе. “З выступленнямі я нібыта займела нябачную карону, якую доўгі час не заўважала, – прызнаецца Сабіна. – Усвядоміла гэтую манію велічы толькі ў 2019 годзе, калі з OPEN запісвала аўтарскі альбом «Збаўлены Табой». Карона са свістам зляцела з маёй галавы. Бог нібыта праз словы, якія з’яўляліся ў тэкстах, размаўляў са мной, дапамагаюы асэнсаваць свае недахопы, каб яны перараслі ў перавагі”.

Па словах Сабіны, праца над альбомам дагэтуль застаецца для яе містычным досведам. Дзяўчына неяк пазычыла сінтэзатар у сваёй парафіі, каб папрактыкавацца дома. Раптоўна сярод ночы адчуўшы жаданне сыграць, яна выцягнула інструмент на ложак і выдала падборку акордаў, на якую пачалі класціся словы. Здзіўленне Сабіны стала яшчэ большым, калі яна зразумела, што складае песню на беларускай мове, якую слаба ведала.

“Падчас чарговай рэпетыцыі з OPEN я паказала свой твор. Мне пачалі падыгрываць на гітары, далучыліся ўдарныя. Неяк усё ў нас склалася, і атрымалася кампазіцыя «Любоў твая». Хлопцы і дзяўчаты заахвоцілі мяне паспрабаваць пісаць яшчэ – і так нарадзіўся цэлы альбом, – распавядае дзяўчына. – Але справа ў тым, што ані да запісу «Збаўлены Табой», ані пасля я ніколі нічога не пісала і нават не мела такога жадання. Па сённяшні дзень дакладна ўпэўнена, што мелодыі і думкі былі ўкладзены ў мае рукі і галаву”.

Unknown 2

Крызіс веры і сэнсу

Праца над альбомам супала з вельмі складаным перыядам у жыцці дзяўчыны. На той момант яна навучалася ў Гродзенскім музычным каледжы, куды паступіла па жаданні бацькоў, музыкантаў. Забраўшы дакументы пасля ІІІ курса, Сабіна вырашыла паследаваць за сваёй марай – стаць студэнткай музычнай акадэміі за мяжой. Яна падала дакументы ў дзве ўстановы, але нікуды не прайшла.

“Памятаю, я прапусціла ўступныя экзамены ў адну з акадэмій, бо якраз ішла ў пілігрымцы ў Будслаў. Вельмі дрэнна працаваў інтэрнэт, і я своечасова не атрымала апавяшчэнне пра пачатак ісыптаў, – дзеліцца суразмоўца. – А ў іншым месцы быў высокі конкурс. Мой узровень аказаўся неадпаведным”.

У Сабіны пачаўся крызіс: і духоўны, і асабісты. У касцёл яна ішла пад прымусам, а ад родных замест падтрымкі чула словы крытыкі. “Калі б не гэты альбом, не ведаю, як бы я справілася. Ён стаў для мяне своеасаблівай фармацыяй на працягу доўгага часу, – адзначае верніца. – Слухала яго са слязамі і часта з сумам, але заўсёды з разважаннем над многімі рэчамі”.

Нязведаныя шляхі Твае

У народзе гавораць, што бяда не прыходзіць адна. Неўзабаве ў жыцці Сабіны здарылася чарговая сітуацыя, якая пахіснула не толькі яе жыццёвыя мэты, але і разуменне свайго шляху і прызначэння. Усё адбылося вельмі хутка: дзяўчына захварэла і адразу трапіла ў рэанімацыю з паражэннем лёгкага на 75%.

“Я ляжала з тэмпературай 43 °С. Пра кавід на той момант яшчэ ведалі мала і думалі, што ў мяне пнеўманія. Памятаю, як дзядуля ўсё сядзеў побач з ложкам і плакаў. Абзванілі ўсіх, каб за мяне маліліся. Гэта было адзінае, на што ў такім выпадку можна спадзявацца, – дзеліцца ўспамінамі суразмоўца. – Праз пэўны час дынаміка палепшылася, і мяне перавялі ў звычайную палату. Урачы, аднак, не давалі ніякіх гарантый”.

Сабіна паправілася, але заплаціла за гэта вялікі кошт: дзяўчына страціла голас. “Наступіў пераломны псіхалагічны момант. Нават калі прыходзіла на Імшу, я не спрабавала падпяваць з усімі, а толькі прагаворвала словы”, – кажа верніца.

Дзяўчына прызнаецца, што спачатку адчувала ўдзячнасць Госпаду за тое, што выжыла. Разважала над каштоўнасцю жыцця і шукала сэнс у тым, што з ёй здарылася. Але паступова гэтыя думкі сышлі на нішто і на месца пакоры прыйшла крыўда. “Калі пачала спрабаваць заспяваць – нічога не атрымлівалася. Я вельмі моцна злавалася: столькі гадоў працавала, і ўсё страціла. Ну як Ты мог?! – узгадвае Сабіна. – Я працягвала хадзіць у касцёл, але быццам рабіла паслугу”.

У такім рытме прайшло два гады. Дзяўчына пераехала ў Польшчу, паступіўшы на спецыяльнасць “журналістыка”. Яна нібы рухалася наперад, але ўсё ж не магла змірыцца з тым, што з голасам нічога не наладзілася.

Сягаючы Нябёсаў

У Касцёле можна пачуць, што Бог дзейнічае праз людзей. Так здарылася і ў жыцці Сабіны. Спачатку дзяўчына пазнаёмілася са святаром, які аказаўся віцэ-прэзідэнтам фундацыі, што прызначала стыпендыі таленавітай моладзі ў складаным фінансавым становішчы. Яго так расчуліла гісторыя верніцы, што не раздумваючы ёй дапамог. На атрыманыя сродкі дзяўчына замаўляла заняткі ў лепшых выкладчыкаў вакалу і пакрысе аднаўляла свой голас. А праз нейкі час, дзякуючы падтрымцы вядомага польскага кампазітара Пятра Палкі, у Сабіны атрымалася здзейсніць сваю мару. Яна паступіла ў магістратуру Музычнай Акадэміі ім. Гражыны і Кейстута Бацэвічаў у Лодзі.

“Цяпер я разумею: каб апынуцца там, дзе зараз знаходжуся, мне трэба было прайсці гэты шлях. Без страты голасу я б не змагла па-новаму ўкласці галасавы апарат. Я заспявала ў сто разоў лепш, адчуваючы свае грані і распрацоўваючы дыяпазон”, – дзеліцца дзяўчына.

Сёння Сабіна выступае ў розных музычных установах, спявае ў сімфанічным аркестры Лодзінскай філармоніі ім. Артура Рубінштэйна і кіруе ўласнай вакальнай студыяй у Варшаве. “Музыка – гэта маё жыццё. Я прамаўляю праз яе, – адзначае Сабіна. – Разам з тым, мне вельмі падабаецца выкладаць, адкрываць людзям іх магчымасці і ўнікальнасць”.

Напоўніцца Богам

Альбом “Збаўлены Табой” дагэтуль прыносіць плён. Яго песні штогод гучаць на “Музычнай майстэрні” – найбуйнешым у Беларусі майстар-класе для хрысціянскіх артыстаў, які ладзіцца пры францішканскім кляштары ў Івянцы. Разышоўся ён і за межы краіны: з анлайн-пляцовак яго спампоўваюць хрысціянскія музыканты і аматары краін СНД.

“Аднойчы ў сацыяльных сетках я атрымала паведамленне, у якім чалавек дзякаваў за альбом. Перажываючы вельмі складаны перыяд, ён выпадкова натыкнуўся на мае песні. І прызнаўся, што яны выратавалі ад думак пра самагубства, – дзеліцца Сабіна. – Цікава, што «Збаўлены Табой» я лічыла выключна сваёй аддушынай. А яно вось у што перарасло…”.

Мая суразмоўца падсумоўвае, што адносіны з Госпадам – гэта пастаянная трансфармацыя. Бясконца ўзнікаюць пытанні, на якія шукаеш адказы. Сабіна часта мае адно бачанне, а Бог – іншае. Але дзяўчына ўжо ведае, што ўся сутнасць, як і раней, застаецца ў пакоры.

Ангеліна Марцішэўская