Skip to main content
Логотип

28 верасня – каментарый да Евангелля на ХХVI Звычайную нядзелю (Лк 16, 19–31)

6 1 1

Адкрытасць сэрца

Прыпавесць пра Лазара і багацея з’яўляецца для нас заклікам да навяртання. У гэтай прыпавесці ёсць марнатравец, які думае толькі пра сябе, і іншы чалавек, жабрак, які ляжыць ля брамы багацея. “Памёр жабрак і ўзнесены быў анёламі на ўлонне Абрагама. Памёр і багаты, і быў пахаваны” (Лк 16, 22).

“Абрагам сказаў: «Дзіця, успомні, што ты атрымаў ужо сваё дабро пры жыцці сваім, падобным чынам і Лазар – ліха. Цяпер жа ён тут суцяшаецца, а ты пакутуеш»” (Лк 16, 25). Абрагам дае ключ да правільнага разумення гэтага тэксту. Ён айцец веры народа Ізраэля; яму і тым, хто будзе верыць так, як ён, абяцана ўсялякае бласлаўленне. Абрагам шчодра адгукнуўся на Божы заклік, меў вялікую маёмасць і стаў узорам чалавека гасціннага. “Не забывайцеся таксама пра гасціннасць, бо праз яе некаторыя, не ведаючы, гасцінна прынялі анёлаў” (Гбр 13, 2). У Абрагама мы бачым веру жывую, якая прыносіць плён і дзейнічае праз любоў.

Багаты чалавек з прыпавесці – чалавек безыменны, нягледзячы на ўсё яго багацце. Думае, што з’яўляецца сынам Абрагама і таму з’яўляецца спадкаемцам усялякіх бласлаўленняў. Аднак смерць – суд над жыццём – паказвае яму, на што глядзіць Бог, калі судзіць людзей – гэта шчырасць сэрца.

Прыпавесць гаворыць нам, што вера без учынкаў мёртвая (параўн. Лк 2, 13). Багач не быў добрым юдэем: не слухаў Майсея. З іншага боку, збаўляюць не самі добрыя ўчынкі. У прыпавесці не гаворыцца пра ўчынкі Лазара (які мае імя). Айцы Касцёла сцвярджаюць, што Бог узнагароджвае чалавека за цярплівае прыняцце не толькі зла, але і спазнанага прыніжэння.

Давайце ж кожны дзень адкрываць, як у сваіх сэрцах аказваць гасціннасць бліжняму, служачы яму праз матэрыяльныя і духоўныя дары, што мы маем у дадзены момант.

Кс. Юрый Марціновіч, святар рыма-каталіцкага абраду