Здаровае вучэнне
Сёння, калі гаворым пра хрысціянства, шмат згадваем Божую любоў, міласэрнасць, прабачэнне… Словы “памылка”, “ерась”, якія яшчэ некалькі стагоддзяў часта гучалі ў Царкве, выклікаюць у нас асацыяцыю са “змрочным Сярэднявеччам”.
У Лісце да Цімафея чуем словы: “Дык не саромейся сведчання нашага Госпада, ні мяне, вязня Ягонага, але, паводле сілы Божай, далучыся да цярпенняў дзеля Евангелля” (2 Цім 1, 8). Паводле апостала Паўла, даваць сведчанне пра Госпада немагчыма, калі ты не трымаешся праўдзівага вучэння пра Яго: “Трымайся прыкладу здаровага вучэння, якое ты чуў ад мяне ў любові і веры, якія ў Хрысце Езусе” (2 Цім 1, 13).
Быць хрысціянінам – гэта, безумоўна, любіць Бога і бліжняга, абвяшчаць Божую міласэрнасць, змагацца са сваімі слабасцямі і грахамі. Аднак гэта таксама значыць пазнаваць Госпада, вывучаць Святое Пісанне і Традыцыю Царквы, чытаць творы святых і Настаўнікаў Царквы. Калі не апірацца на фундамент вопыту папярэдніх пакаленняў, вельмі лёгка ўпасці ў тое, што спрадвеку называлася ерассю – памылковае вучэнне, якое адрывае нас ад Сусветнай Царквы.
Сёлета хрысціяне святкуюць 1700-годдзе Першага сусветнага сабору ў Нікеі. Перад абліччам ерасі арыянства, якая адмаўляла Боства Езуса Хрыста, біскупы тагачаснага хрысціянскага свету сабраліся, каб акрэсліць праўдзівае навучанне пра Уцелаўленне. Тое, што яны зрабілі, ва ўсходняй Царкве параўноўваюць з подзвігам апосталаў: “Апосталаў прапаведаванне і айцоў навучанне ўмацавалі веру праўдзівую ў Царкве, і яна, адзеўшыся ў вопратку праўды, вытканую з нябеснага багаслоўя, праўдзіва навучае і славіць набожнасці вялікую тайну”.
Плёнам напружанай інтэлектуальнай працы Айцоў карыстаемся і мы, прамаўляючы падчас нядзельнай св. Імшы Вызнанне веры.
А. Андрэй Крот, святар грэка-каталіцкага абраду