Святую Імшу пастэрку ў ноч Божага Нараджэння ў касцёле Адшукання Святога Крыжа ў Гродне (бернардынскі) цэлебраваў біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч. Разам з іерархам Імшу канцэлебравалі пробашч парафіі кс. прэлат Антоні Ханько і яго супрацоўнікі.
На Эўхарыстыі сабраліся вернікі парафіі, каб перажыць гэтыя хвіліны, – з малітоўным настроем і вялікай радасцю ў сэрцы.
У гаміліі біскуп Кашкевіч адзначыў, што Той, каго на працягу стагоддзяў прадказвалі прарокі, чыйго прыйсця чакалі з нецярпеннем і надзеяй незлічоныя пакаленні Выбранага народу, прыходзіць у свет амаль незаўважаным.
“Пан Езус не хоча змяняць свет насіллем, сілай ці страхам. Ён выбірае дабрыню, цярплівасць, пакору. Хоча закрануць наша сэрца, каб мы, гледзячы на Божае Дзіця, змянілі наша мысленне, наш погляд на Бога, на свет і на іншых людзей”, – дадаў іерарх.
Біскуп падкрэсліў, што Езус хоча, каб мы зразумелі, што дабрыня, лагоднасць, чуласць і пакора не з’яўляюцца знакам слабасці – гэта знак велічы Бога, які нікога ні да чаго не хоча прымушаць.
“Бог шануе чалавечую свабоду, шануе чалавечы выбар, звяртаецца да чалавечага сэрца. Бог разлічвае на чалавека”, – сказаў пастыр Касцёла на Гродзеншчыне.
Ён падкрэсліў, што самае вялікае пасланне святаў Божага Нараджэння – паказваць іншым Езуса, паказваць Яго ў нашай штодзённасці, а найперш сведчаннем свайго жыцця.
“Гэтае свята павінна закрануць нас да глыбіні, адкрыць на іншага чалавека, навучыць дзяліцца любоўю з кожным, каго Бог ставіць на нашым шляху, – заўважыў іерарх. – Бог хоча, каб мы любілі ўсіх без выключэння, бо кожны чалавек – Яго дзіця і з кожным Ён атаясамлівае сябе”.
Па словах біскупа, у ноч Божага Нараджэння ўсе людзі закліканы адкрыць тое, што з’яўляецца найважнейшым у нашым жыцці – Божую любоў. – дадаў біскуп.
На заканчэнне літургіі іерарх выказаў сардэчнае пажаданне, каб Езус Хрыстус кожны дзень нараджаўся ў сэрцах усіх людзей.
Кс. Юрый Марціновіч