10 кастрычніка ў санктуарыі Гродзенскай дыяцэзіі Маці Божай Шкаплернай у Гудагаі (Астравецкі дэканат) урачыстай Эўхарыстыяй адзначылі 25-годдзе манаскіх абяцанняў с. Марыі Тэрэсіны ад Дзіцяткі Езуса.
Святую Імшу ўзначаліў біскуп Віцебскі Алег Буткевіч, гамілію прамовіў Генеральны вікарый Мінска Магілёўскай архідыяцэзіі біскуп Юрый Касабуцкі.
Эўхарыстыю канцэлебравалі ксёндз канонік Андрэй Яркавец з Бабруйска, ксёндз канонік Аляксей Раманчук з Барысава, айцы кармэліты босыя з Нарачы і Гудагая. Прыбылі сёстры кармэліткі Дзіцяткі Езуса з Брэста, сёстры эўхарысткі з Астраўца, сябры юбіляркі і вернікі з розных парафіі.
Сястра Марыя Тэрэсіна ад Дзіцяткі Езуса (Тэрэза Стэх), дачка Францішка і Марыі, нарадзілася 11 чэрвеня 1971 года ў вёсцы Ядаклані Астравецкага раёна. У 1987 годзе скончыла алясінскую васьмігадовую школу і паступіла ў ашмянскае прафесіянальна-тэхнічнае вучылішча № 192, якое скончыла ў 1990 годзе. Атрымаўшы дыплом лабаранта-хіміка, працавала каля трох гадоў у астравецкай бальніцы ў аддзяленні кардыялогіі і неўралогіі як санітарка.
У 1992 годзе, выпадкова, размаўляючы з калегай, даведалася пра сясцёр у Гудагаі. Ужо на другі дзень накіравалася да іх, дзе пазнаёмілася з сёстрамі Тамашай і Наэмі.
У сакавіку 1993 года Тэрэза Стэх паехала ў Польшчу, дзе ўступіла ў Кангрэгацыю Сясцёр Кармэлітак Дзіцяткі Езуса. У 1995 годзе прынесла першыя манаскія абяцанні і атрымала імя сястра Марыя Тэрэсіна ад Дзіцяткі Езуса. Кіраўніцтва кангрэгацыі накіравала яе на працу ў Гудагай.
Вечныя манаскія абяцанні сястра Тэрэсіна прынесла ў 2000 годзе ў Гудагаі. З 2006 года служыла ў Брэсце, з 2013 года ў Адамавічах. У 2018 годзе вярнулася ў Гудагай, дзе служыць па сённяшні дзень.
А. Аркадзь Куляха OCD
Фота: а. Юрый Находка OCD