10 кастрычніка біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч наведаў парафію Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Гродне (Паўднёвы).
Іерарх удзяліў сакрамэнт канфірмацыі моладзі і іншым вернікам гэтай парафіяльнай супольнасці.
Падчас Імшы біскуп асабліва маліўся аб жывой веры для сённяшняй моладзі, каб у сучасным свеце яна была яскравым знакам прыналежнасці да Касцёла і тымі, каму Касцёл можа даручыць канкрэтную задачу – абвяшчэнне Добрай Навіны.
Звяртаючыся да тых, хто прыступаў да канфірмацыі, іерарх падкрэсліў, што гэта сакрамэнт, які ўзбагачае чалавека сямю дарамі Духа Святога, якія патрэбныя, каб вызнаваць і бараніць сваю веру.
Біскуп пажадаў, каб атрыманыя дары прынеслі ў жыцці кожнага чалавека, асабліва маладога пакалення, плён ласкі веры, якая сёння так патрэбная для свету і людзей. Ён падзякаваў бацькам моладзі за клопат аб рэлігійным выхаванні сваіх дзяцей, а таксама выказаў падзяку душпастырам і катэхетам за іх адпаведную падрыхтоўку да сакрамэнту хрысціянскай сталасці.
Кс. Юрый Марціновіч
Фота: Антон Тышко