19 верасня ў санктуарыі Гродзенскай дыяцэзіі Маці Божай Шкаплернай у Гудагаі (Астравецкі дэканат) дыякан Ігнат Падарэцкi ад Хрыста Укрыжаванага з ордэну кармэлітаў босых прыняў сакрамэнт пасвячэння ў ступені прэзбітэрату.
Пасвячэнне ўдзяліў падчас урачыстай святой Імшы біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч.
На Эўхарыстыі сабралася вялікая сям’я Кармэлю: айцы і сёстры законныя, свецкія кармэліты, якія з’яўляюцца сынамі і дочкамі Ордэна Найсвяцейшай Панны Марыі з гары Кармэль і св. Тэрэзы ад Езуса.
Прысутнічалі бацькі і родны брат дыякана Ігната, сябры і вернікі гудагайскай парафіі.
Усіх прысутных прывітаў і прадставіў біскупу Гродзенскаму кандыдата да пасвячэння Рэгіянальны вікарый кармэлітаў босых у Беларусі а. Пётр Фраштэнга OCD.
У гаміліі біскуп адзначыў, што гэтая ўрачыстасць – дзень вялікай радасці для ордэну кармэлітаў. Як дадаў ён, ордэн атрымае новага працаўніка, якому даверыць нялёгкія і адказныя задачы.
Іерарх нагадаў, што новы святар будзе абвяшчаць Евангелле Хрыста словам і асабістым сведчаннем жыцця, ахінаць айцоўскай апекай усіх, да каго Хрыстус яго пашле, стане распарадчыкам святых сакрамэнтаў, каб умацоўваць і асвячаць верны народ Божай ласкай.
Пастыр Касцёла на Гродзеншчыне падкрэсліў, што святар з’яўляецца толькі чалавекам, “з людзей узятым і да людзей пасланым”.
“Выклікі, перад якімі ён стане ў сваім святарстве, могуць яго проста перавышаць. Таму трэба заўсёды памятаць, што гэта сам Хрыстус сваёю ласкаю надае моц і паспяховасць святарскаму служэнню”, – дадаў іерарх.
Біскуп назваў святарства цудоўным, загадкавым дарам Бога не толькі для самога пакліканага, але і для ўсяго Касцёла.
Іерарх звярнуўся таксама да ўсіх прысутных з просьбай падтрымліваць святароў малітвай.
“Выпрошвайце для іх вернасць Хрысту і стойкасць у служэнні Яму, асабістую святасць і святло Духа Святога ў душпастырскай працы. Няхай, умацаваныя Божай ласкай, яны як мага лепш служаць усім, хто будзе шукаць у іх дапамогі”, – сказаў ён.
Біскуп даручыў новага прэзбітэра і яго будучае служэнне ў Хрыстовым Касцёле матчынай апецы Марыі, Маці Божай Шкаплернай, каб Яна была для яго прыкладам на шляху да святасці і надзейнай Заступніцай у кожны момант святарскага жыцця.
На заканчэнне Эўхарыстыі айцец Ігнат Падарэцкi ўзрушаным голасам выказаў удзячнасць Богу за тое, што быў абраны і пакліканы да гэтага асаблівага служэння ў Касцёле. Ён падзякаваў сваім бацькам за жыццё і перададзеную веру, а таксама ўсім, хто прычыніўся да развіцця яго паклікання, да яго духоўнага ўзрастання і падрыхтоўкі гэтай урачыстасці.
Айцец Ігнат Падарэцкi паходзіць з вёскі Слабодка, якая належыць да гудагайскай парафіі. 4 кастрычніка 2019 г. прынёс вечныя манаскія абяцанні ў Ордэне братоў босых Найсвяцейшай Панны з гары Кармэль у сваёй роднай парафіі. Днём пазней біскуп Гродзенскі ўдзяліў яму дыяканскае пасвячэнне.
Кс. Юрый Марціновіч
Фота: с. Магдаліна Кулай CSCII