Умілаваныя ў Хрысце Пану браты і сёстры, дарагія вернікі дыяцэзіі!
На мінулым тыдні, як і штогод, мы адзначалі квартальныя дні малітваў за дзяцей, моладзь, настаўнікаў і выхаваўцаў.
Гэтыя дні звязаны з літургічным успамінам св. Станіслава Косткі, маладога манаха-езуіта XVI стагоддзя. Зямное жыццё св. Станіслава было вельмі кароткім: ён пакінуў гэты свет, калі яму было толькі 18 гадоў. Нягледзячы на малады ўзрост, ён адзначаўся такой вялікай асабістай пабожнасцю і сталасцю ў веры, што ўжо пры жыцці яго лічылі святым, а пасля ўзнясення да хвалы алтара яму сталі аддаваць асаблівую пашану як апекуну дзяцей і моладзі, вучняў і студэнтаў.
Квартальныя дні малітваў у гонар св. Станіслава Косткі мы праводзім у верасні, калі пасля летніх канікул нанова ажываюць школы, гімназіі і ліцэі, інстытуты і ўінверсітэты. Перад наймалодшымі вернікамі нашай дыяцэзіі – вучнямі і студэнтамі – чарговы год напружанай працы, звязанай са здабыццём ведаў, якія ўжо ў хуткім часе будуць ім вельмі карыснымі, зусім незаменнымі ў іх самастойным, дарослым жыцці. У гэтыя дні мы ахінаем нашых дзяцей і моладзь асаблівай малітвай, просячы для іх аб Божым благаслаўленні і святле Духа Святога ў працы здабыцця ведаў. Молімся таксама за настаўнікаў, выкладчыкаў і выхаваўцаў, каб іх праца, незвычайна адказная і патрэбная ўсяму грамадству, прынесла як мага больш шчодрыя плёны.
З нагоды распачацця навучальнага года хачу нагадаць вам, дарагія бацькі, пра абавязак, які ляжыць на вас, забеспячэння дзецям і моладзі ўдзелу ў сістэматычнай катэхезе.
Надзвычай важна, каб дзіця ці малады чалавек разам з пазнаннем чарговых сукупнасцяў ведаў па розных школьных прадметах маглі адначасова паглыбляць веданне праўдаў веры, якія вызнаюць, і развіваць сваё рэлігійнае жыццё. Такое ўсебаковае выхаванне неабходнае, каб тыя, хто ўжо ў хуткім часе ўвойдуць у дарослае жыццё, былі хрысціянамі, сталымі духоўна, якія ўсведамляюць сваю веру, кіруюцца праўдзівымі каштоўнасцямі. Гэтаму служаць катэхетычныя праграмы, адпаведна дастасаваныя да ўзросту вучняў і апрацаваныя так, што з году ў год, паступова вядуць катэхізаваных да ўсё лепшага разумення хрысціянскай веры, спадарожнічаючы такім чынам іх асабістаму духоўнаму ўзрастанню.
Варта жалю тое, што па віне некаторых бацькоў рэлігійнае выхаванне іх дзяцей заканчваецца тады, калі дзеці прыступаюць да першай споведзі і святой Камуніі. У мінулую эпоху, калі арганізаваць сістэматычную катэхезу пры парафіях было аб’ектыўна немагчыма, такое “давядзенне” дзяцей да сакрамэнтаў было зябеспячэннем ім мінімальнага ўзроўню рэлігійнага выхавання. Сёння падобнае абмежаванне ў катэхізацыі дзіцяці трэба расцаніць як неабгрунтаванае, як неабгрунтаваным і крыўдным для дзіцяці было б абмежаванне яго школьнага навучання да сканчэння некалькіх класаў школы. Таму прашу вас, дарагія бацькі, падысці да справы катэхізацыі вашых дзяцей з усёй павагай і адказнасцю, бо гэта ваш бацькоўскі абавязак, а ўсялякае занядбанне ў гэтай сферы з’яўляецца сур’ёзнай маральнай правінай.
Нагадваю вам таксама, дарагія бацькі, што абавязак рэлігійнага выхавання вашых дзяцей не абмяжоўваецца толькі клопатам пра тое, каб яны ўдзельнічалі ў сістэматычнай катэхізацыі пры парафіі.
Першым і найважнейшым выхаваўчым асяроддзем для дзяцей з’яўляюцца вашы сем’і, a вы самі, як бацькі, – незаменнымі выхаваўцамі і праваднікамі ў веры. Прыгожа пісаў аб гэтым Ян Павел ІІ у Апостальскай адгартацыі пра катэхізацыю ў нашы часы: “Катэхетычная дзейнасць у сям’і мае свой вельмі асаблівы характар, які нічым нельга ніякім чынам замяніць […] Гэтае бацькоўскае выхаванне ў веры, якое павінна распачацца ў раннім дзяцінстве, здзяйсняецца, калі члены кожнай асобнай сям’і дапамагаюць адзін аднаму, каб узрастаць у веры праз сваё часта маўклівае, але трывалае сведчанне хрысціянскага жыцця, якое вядзецца паводле Евангелля сярод штодзённых заняткаў. Гэтае выхаванне становіцца яшчэ больш моцным, калі пры сямейных падзеях, такіх, як прыняцце сакрамэнтаў, перажыванне літургічных святаў, народзіны дзіцяці ці жалоба, клапоцяцца аб тым, каб растлумачыць хрысціянскі ці рэлігійны сэнс гэтых падзей […] Tаму сямейная катэхеза папярэджвае кожную іншую форму катэхезы, спадарожнічае ёй і пашырае яе. […] Таму хрысціянскія бацькі павінны працягваць прыкладаць намаганні, каб падрыхтавацца да катэхізацыі сваіх дзяцей і выконваць гэтую задачу з нястомным запалам” (CT, 68).
Дарагія бацькі! Жадаю вам, каб вы былі сапраўднымі выхаваўцамі вашых дзяцей у веры. Няхай супольная малітва, удзел у нядзельнай святой Імшы і сведчанне вашага жыцця, напоўненага верай і любоўю, будзе найцудоўнейшай катэхезай для вашых дзяцей. Няхай сямейнае выхаванне будзе пашырэннем і дапаўненнем таго, што вашы дзеці будуць пазнаваць на сістэматычных уроках рэлігіі.
Шаноўныя святары, сёстры законныя, свецкія катэхеты! Дзякую вам за місію рэлігійнага навучання і выхавання, якую вы сумленна выконваеце з вялікім прысвячэннем, у духу бескарыслівай любові і шчырага клопату пра будучыню маладога пакалення. Жадаю вам святла Духа Святога і шчодрасці ўсялякіх ласкаў у справе прывядзення дзяцей і моладзі да асабістай сустрэчы з Хрыстом.
Шаноўныя настаўнікі, выкладчыкі і выхаваўцы! На парозе новага навучальнага года жадаю, каб Божае благаслаўленне спадарожнічала вам у справе фармавання розумаў і сэрцаў маладога пакалення.
Няхай вашы словы і асабістае сведчанне жыцця, як добрае зерне, трапляе ва ўрадлівую глебу сэрцаў вашых вучняў і студэнтаў і няхай прынясе ўжо ў недалёкай будучыні самыя цудоўныя плёны.
Дарагія дзеці, улюбёная моладзь! У гэтым новым навучальным і катэхетычным годзе даручаю кожнага і кожную з вас Божаму Провіду, матчынай апецы Найсвяцейшай Панны Марыі і заступніцтву св. Станіслава Косткі, апекуна моладзі. Будзьце дбайнымі і руплівымі ў здабыцці ведаў, стараннымі і сумленнымі ў выкананні давераных вам задач і абавязкаў, старайцеся як мага лепш выкарыстаць час, які маеце перад сабой. Ахвотна наведвайце ўрокі рэлігіі, дазвольце Духу Святому асвячаць і фармаваць вашы маладыя розумы і сэрцы. Памятайце, што Езус Хрыстус – ваш найлепшы Сябра і што толькі ў Ім знойдзеце паўнату жыцця і шчасця.
Усіх душпастыраў, бацькоў, катэхетаў, настаўнікаў і выхаваўцаў, дзяцей і моладзь на плённае перажыванне навучальнага і катэхетычнага года, які распачынаецца, а таксама ўсіх вас, дарагія вернікі дыяцэзіі, на нястомнае асабістае ўзрастанне ў веры і любові да Хрыста ад усяго сэрца благаслаўляю.
Aляксандр Кашкевіч
Біскуп Гродзенскі
Паважаных ксяндзоў пробашчаў і адміністратараў парафій прашу прачытаць гэты пастырскі ліст вернікам у нядзелю 20.09.2020 г. замест гаміліі падчас кожнай святой Імшы.
Версія для друку
Версія на польскай мове