Як паведамляе Ватыканскае радыё, Папа звярнуў увагу на пратэсны феномен, які назіраецца ў многіх частках свету, і заклікаў дзяржаўныя ўлады забяспечыць поўную павагу правоў чалавека і грамадзянскіх свабод.
Францішак заўважыў, што “шматлікія народныя дэманстрацыі пратэсту выражаюць нарастаючы неспакой грамадзянскай супольнасці ва ўмовах асабліва крытычных палітычных і сацыяльных сітуацый”.
13 верасня, пасля малітвы "Анёл Панскі" ён заклікаў дэманстрантаў “мірна выказвацца пра свае праблемы, не паддаючыся спакусе агрэсіі і гвалту”, а дзяржаўныя ўлады, “прыслухацца да голасу сваіх суграмадзян і пайсці насустрач іх законным імкненням, забяспечваючы поўную павагу да правоў чалавека і грамадзянскіх свабод”.
Пантыфік запрасіў “касцёльную супольнасць” краін, дзе адбываюцца пратэсты, пад кіраўніцтвам сваіх пастыраў заўсёды працаваць на карысць дыялогу, прымірэння і прабачэння.