8 верасня парафія Нараджэння Найсвяцейшай Панны Марыі ў Зарачанцы (Баля Касцёльная) адзначыла адпустовую ўрачыстасць.
Падчас Эўхарыстыі парафіяне дзякавалі Богу за сёлетнія плёны, а таксама адбылося аднаўленне сужэнскіх абяцанняў. Аднаўляючы абяцанні, дадзеныя ў дзень заключэння сакрамэнтальнага саюзу, сужэнцы абавязаліся яшчэ больш любіць адно аднаго, выказваць адно аднаму яшчэ глыбейшую павагу, падтрымліваць адно аднаго ў клопатах і радасцях, здароўі і хваробе, шчыра служыць і маліцца адно за аднаго.
Пробашч парафіі кс. прэлат Вітольд Лазавіцкі прывітаў прысутных і адзначыў, што для парафіяльнай супольнасці гэты дзень з’яўляецца вялікай падзеяй, да якой усе стараліся падрыхтавацца як мага лепш.
Святую Імшу ў інтэнцыі ўсіх, хто ўтварае парафіяльную сям’ю на чале з яе душпастырам, узначаліў біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч. Іерарх заахвоціў прысутных да малітвы за нашу краіну, якая ў апошні час перажывае цяжкія хвіліны, а таксама за сем’і, каб у кожнай з іх панаваў дух згоды і еднасці.
Пастыр Касцёла на Гродзеншчыне падкрэсліў, што кожная сям’я павінна будаваць сваё жыццё на фундаменце Божай любові, бо толькі тады яна будзе моцнай Богам і здольнай перанесці ўсе цяжкасці і праблемы.
На заканчэнне Імшы вернікі між іншым выказалі віншаванні з днём нараджэння свайму пробашчу кс. Вітольду Лазавіцкаму.
Біскуп падзякаваў усім за ўдзел у літургіі і ўдзяліў пастырскае благаслаўленне на далейшае крочанне праз жыццё і змаганне са штодзённымі выклікамі.
Кс. Юрый Марціновіч