7 верасня ў рэктаральным касцёле Звеставання Найсвяцейшай Марыі Панны (пабрыгіцкі) ў Гродне адбылася сустрэча катэхетаў, якія служаць на тэрыторыі Гродзенскай дыяцэзіі. Гэтай сустрэчай быў урачыста адкрыты катэхетычны год у дыяцэзіі.
На сустрэчы сабралося больш за 60 катэхетаў: святары, сёстры законныя, свецкія асобы. Катэхеты выслухалі дзве канферэнцыі, на адарацыі Найсвяцейшага Сакрамэнту маліліся Ружанец і ўдзельнічалі ў святой Імшы.
Падчас сустрэчы асаблівым чынам з’ядналіся ў малітоўным чуванні са шматлікімі вернікамі Каталіцкага Касцёла на Беларусі, іншымі хрысціянамі і людзьмі добрай волі ў інтэнцыі як мага хутчэйшага вяртання арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча на Радзіму і мірнага вырашэння грамадскага-палітычнага крызісу ў нашай краіне.
У першай канферэнцыі с. Ірына Барцэвіч FMA i кс. Артур Ляшнеўскі SDB з парафіі ў Смаргоні засяродзілі ўвагу на спецыфіцы салезіянскай катэхезы, а таксама падзяліліся ўласным досведам. Яны падкрэслілі, што для св. Яна Боско было заўсёды важным выхаванне сумленных грамадзян і добрых хрысціян.
У другой канферэнцыі а. Томаш Ксёнжкевіч CMF, пробашч парафіі Хрыста Валадара ў Азёрах, закрануў тэму малітвы ў штодзённым служэнні кожнага катэхета. Святар адзначыў, што кожны катэхет павінен быць чалавекам малітвы і падтрымліваць малітвай усіх сваіх вучняў.
Кульмінацыяй сустрэчы стала Імша, якую цэлебраваў біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч. У ёй удзельнічалі Генеральны вікарый Гродзенскай дыяцэзіі Юзаф Станеўскі і Апостальскі візітатар для грэка-католікаў Беларусі архімандрыт Сяргей Гаек.
Біскуп Кашкевіч цэлебраваў Імшу ў інтэнцыі ўсіх, хто займаецца катэхізацыяй у дыяцэзіі, a таксама за дзяцей, моладзь і дарослых, якія сёлета будуць удзельнічаць у катэхізацыі.
Таксама іерарх заклікаў усіх да малітвы за нашу краіну і за арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча, каб ён мог як мага хутчэй вярнуцца да сваёй паствы.
У гаміліі біскуп падкрэсліў, што перад кожным катэхетам чарговы год спаўнення ганаровай і прыгожай, а адначасова вельмі цяжкай і патрабавальнай задачы – фармавання маладых сэрцаў іх вучняў, выхавання ў іх паставы веры, прывядзення іх да асабістай сустрэчы з Хрыстом.
Іерарх дадаў, што, каб належным чынам рэалізаваць гэтую задачу, “кожны катэхет павінен быць чалавекам глыбокай і жывой веры, поўным Божага духу, тым, які любіць Хрыста і Яго Добрую Навіну”.
Ён заўважыў, што сапраўдная катэхеза – гэта больш выхаванне, чым навучанне.
“Задача катэхета не толькі і не столькі ў перадачы вучням пэўнай “колькасці ведаў”, колькі найперш у тым, што Святы Айцец Францішак называе суправаджэннем на шляху веры. Катэхеза, якая суправаджае, спрыяе таму, што катэхізаваны пастаянна ўзрастае ў Божай ласцы, прыпадабняецца да Хрыста, развівае ў сабе жыццё паводле Духа, якое прыносіць плён ва ўсё большай хвале Бога”, – сказаў іерарх.
Па яго словах, першай і найважнейшай мэтай выхаваўчай дзейнасці катэхета павінна быць падрыхтоўка дзяцей да малітвы і да святых сакрамэнтаў.
Біскуп Аляксандр падзякаваў катэхетам за вялікую працу суправаджэння вучняў ва ўзрастанні ў веры, a таксама за тое, што ўласным стаўленнем, паводзінамі, стылем жыцця яны даюць сваім вучням прыклад веры.
Словы ўдзячнасці ён выказаў Аддзелу каталіцкага навучання і выхавання Гродзенскай курыі на чале з яго дырэктарам а. Андрэем Шчупалам CSsR за клопат аб узроўні катэхізацыі ў Гродзенскай дыяцэзіі.
Іерарх пажадаў, каб новы катэхетычны год быў багатым на Божую ласку, а штодзённае служэнне дзецям і моладзі прыносіла толькі радасць і задавальненне.
Сустрэча, якая завяршылася супольным абедам у сталоўцы семінарыі, стала нагодай набрацца духоўных сіл, патрэбных для таго, каб весці дзяцей і моладзь да Бога – крыніцы ўсялякага дабра. У яе ходзе катэхеты мелі таксама магчымасць абмяняцца вопытам у штодзённым навучанні і метадамі, якія выкарыстоўваюць у працы.
Кс. Юрый Марціновіч
Фота: с. Ірына Барцэвіч FMA