Гэтыя вельмі неспакойныя дні натхнілі вернікаў парафіі св. Міхала Арханёла ў Навагрудку да духоўнай абароны нашай краіны. У сувязі са складанай, даволі напружанай сітуацыяй у грамадстве на працягу тыдня адбыўся шэраг малітоўных ініцыятыў з верай, што будучыня нашай краіны і Касцёла знаходзіцца толькі ў руках Божага Провіду.
Так, на працягу двух мінулых месяцаў 52 чалавекі згадзіліся трымаць адзін або некалькі дзён у нядзелю шчыры пост на вадзе або на хлебе і вадзе. У ноч з 8 на 9 жніўня адбылося начное чуванне перад выстаўленым Найсвяцейшым Сакрамэнтам, дзе вернікі горача ўзносілі свае малітвы, каб Езус змілаваўся над нашай краінай. Кожны дзень пачынаючы з 9 жніўня адбываліся адарацыі Найсвяцейшага Сакрамэнту.
14 жніўня распачалася навэнна да Маці Божай за Беларусь.
Асноўнымі ўмовамі дзевяцідзённай навэнны з’яўляюцца шчырая споведзь, штодзённы ўдзел у св. Імшы і прыняцце св. Камуніі, чытанне Божага Слова, малітва на ружанцы, міласціна для бедных і распаўсюджванне навэнны сярод знаёмых і блізкіх.
Кожны дзень цэлебруецца св. Імша ў інтэнцыі нашай краіны. А ў нядзелю 16 жніўня адбылася роварная пілігрымка ў касцёл ва Уселюбе да Маці Божай Новага Жыцця, каб занесці Багародзіцы інтэнцыі за нашу краіну.
Вернікі з Навагрудка заклікаюць вернікаў з іншых парафій Беларусі да больш актыўнага ўдзелу ў духоўных ініцыятывах Каталіцкага Касцёла.
Кс. Юрый Жэгарын