Skip to main content

Урачыстасць Першай Камуніі адбылася ў Адамавічах

dsc 3235 1 18 жніўня ў парафіi Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Адамавічах (Сапоцкінскі дэканат) адбылася ўрачыстасць Першай святой Камуніі. Ёй папярэднічаў сакрамэнт пакаяння, да якога дзеці прыступілі днём раней.

Да споведзі маленькія парафіяне ішлі з пакорай і вялікім хваляваннем.

У дзень Першай Камуніі да эўхарыстычнага стала ўпершыню ў жыцці прыступілі 12 чалавек.

Да пачатку Імшы, якую ўзначаліў пробашч парафіі кс. Аляксандр Шэмет, бацькі ўдзялілі перад святыняй благаслаўленне сваім дзецям.

У гэты дзень дзецям, якія ўпершыню прынялі ў сваё сэрца Пана Езуса, спадарожнічала вялікая радасць. Яны ведалі, што гэта адзін з найважнейшых дзён у іх жыцці. З гэтага часу яны могуць ужо ў паўнаце ўдзельнічаць у святой Імшы.

Жадаем усім дзецям, каб яны былі з Хрыстом усё сваё жыццё і каб іх сэрцы заўсёды былі такімі чыстымі і прыгожымі, як у дзень Першай Камуніі.

Кс. Юрый Марціновіч

Фота: Баляслаў Гавецкі