У сувязі з сённяшняй грамадска-палітычнай сітуацыяй у Беларусі біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч горача заахвочае ўсіх дыяцэзіян і людзей добрай волі да ўдзелу ў малітоўнай акцыі з просьбай аб дары міру і паяднання для ўсіх жыхароў нашай краіны. Таксама ардынарый заклікае святароў адправіць адну Імшу ў інтэнцыі нашай Бацькаўшчыны.
Прапанаваная малітоўная ініцыятыва, далучыцца да якой іерарх заахвочвае ўсе парафіяльныя супольнасці, можа мець наступныя формы:
- 1. Паўгадзінная адарацыя Найсвяцейшага Сакрамэнту перад святой Імшой, пасля яе ці ў любы зручны для вернікаў час.
- 2. Падчас кожнай Імшы – далучэнне да наступных заклікаў паўсюднай малітвы: молімся за супакой у нашай краіне, а таксама за дар паяднання для ўсіх грамадзян на шляху дыялогу, у духу ўзаемнай павагі і клопату пра супольнае дабро.
- 3. Публічнае прамаўленне на заканчэнне Імшы наступнай малітвы:
Усемагутны і міласэрны Божа, узнoсім да Цябе малітву за нашу краіну і за ўсіх яе жыхароў. Дзякуем Табе за незлічоныя дабрадзействы, якімі Ты меў ласку з любоўю адарыць нас. Перапрашаем Цябе за ўсе грахі нашага народу і просім Цябе, Божа, Валадару і Пане народаў, з рук сваіх не выпускай нас, а праз заступніцтва Найсвяцейшай Панны Марыі і святога Міхала Арханёла благаславі нашу краіну, каб яна была заўсёды вернай Табе і прыносіла хвалу Твайму святому імені, а сыноў і дачок яе вядзі да вечнага шчасця. Спашлі Духа Святога на наш народ, каб здзейснілася Твая воля і каб мы ўсе згодна, мудра і справядліва служылі нашай краіне. Праз Хрыста, Пана нашага. Амэн.
Выбар канкрэтнай формы і спосабу правядзення малітоўнай акцыі біскуп Гродзенскі пакідае на разважлівую душпастырскую ацэнку ксяндзу пробашчу.
Прапановы малітваў па спасылцы.