26 ліпеня, у адпустовую ўрачыстасць св. Ганны, у капліцы ў вёсцы Паляны, якая належыць да парафіі св. Міхала Арханёла ў Ашмянах, быў урачыста змешчаны новы звон.
Днём раней звон благаславіў біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч на падворку Гродзенскай курыі.
Новы звон, змешчаны ў гістарычнай капліцы, пабудаванай у 1819 г. з фундацыі мясцовага памешчыка Амброзія Янкоўскага, з’яўляецца дарам сяброў і прыхільнікаў ашмянскай парафіі. Сама капліца ў мінулым годзе была грунтоўна адрамантавана дзякуючы старанням дэкана Ашмянскага кс. каноніка Яна Пузыны, да парафіі якога належыць тэрытарыяльна гэтая вёска.
Адноўлены і вернуты да першаснага стану быў таксама алтар, у цэнтры якога знаходзіцца абраз св. Ганны. Капліцу ўрачыста асвяціў 5 кастрычніка 2019 г. Генеральны вікарый Гродзенскай дыяцэзіі біскуп Юзаф Станеўскі.
Святую Імшу ў дзень адпусту ў гонар св. Ганны, апякункі капліцы, узначаліў канцлер Гродзенскай курыі кс. канонік Аляксандр Мацкевіч. Таксама святар прамовіў гамілію з нагоды ўрачыстасці, звярнуўшы ўвагу на св. Ганну, маці Найсвяцейшай Панны Марыі, як на прыклад сучасным вернікам для наследвання.
Падчас Эўхарыстыі прысутныя асаблівым чынам маліліся за тых, хто духоўна і матэрыяльна падтрымаў справу аднаўлення капліцы.
Сёння драўляная капліца на каменным падмурку, якая знаходзіцца на навышэйшым пункце могілак, у іх цэнтральнай частцы, захапляе прыгажосцю і сведчыць, што памяць пра папярэднія пакаленні вернікаў працягвае жыць у сэрцах католікаў ашмянскай зямлі. A новы звон будзе заклікаць вернікаў да малітвы, а таксама заахвочваць памятаць пра ўсіх, хто пахаваны на мясцовых могілках.
Кс. Юрый Марціновіч
Фота: Пётр Ямскi