19 ліпеня ў гудагайскім санктуарыі завяршыліся штогадовыя ўрачыстасці ў гонар Маці Божай Шкаплернай, у якіх сёлета ўзялі ўдзел некалькі тысяч чалавек.
Як паведамляе catholic.by, галоўную адпустовую Імшу, якой завяршыліся сёлетнія ўрачыстасці, узначаліў Генеральны вікарый Пінскай дыяцэзіі біскуп Казімір Велікаселец. Найстарэйшы каталіцкі іерарх у Беларусі 5 мая адзначыў 75-гадовы юбілей з дня нараджэння.
Яму было наканавана стаць адным з першых біскупаў у сучаснай гісторыі Касцёла на Беларусі і найбліжэйшым супрацоўнікам сведкі веры кардынала Казіміра Свёнтка, які ў 2007 годзе каранаваў цудадзейны абраз Маці Божай Гудагайскай папскімі каронамі.
Біскуп Казімір узгадваў, як няпроста было ў тыя суровыя часы вызнаваць сваю веру і жыць ёю. Бязбожныя ўлады зачынілі касцёл у яго роднай парафіі, і да бліжэйшай дзеючай святыні трэба было дабірацца 60 кіламетраў. Аднак будучы іерарх рос у пабожнай каталіцкай сям’і, і ягоныя бацькі клапаціліся пра рэлігійнае выхаванне Казіміра. Іх бацькоўскі клопат не быў дарэмным: вырасшы, іх сын пачуў голас паклікання і насуперак усёй тагачаснай сістэме адважыўся пайсці за Хрыстом, каб прысвяціць сябе святарскаму служэнню, якое рэалізаваў у духу харызмы святога Дамініка, уступіўшы ў ордэн прапаведнікаў — дамініканаў.
Распавядаючы пра тое, якія вялікія цяжкасці даводзілася для гэтага пераадольваць, біскуп Казімір Велікаселец заклікаў сённяшніх беларускіх бацькоў ні ў якім выпадку не занядбоўваць духоўнае выхаванне сваіх дзяцей. Багаты досвед асабістага жыцця іерарха і яго руплівага пастырскага служэння сведчыць пра тое, што толькі жывучы ў веры чалавек можа быць па-сапраўднаму шчаслівым.
Гэтаму біскуп Казімір прысвяціў прамоўленую гамілію, у якой гучалі цытаты класікаў і прыклады з жыцця вядомых асобаў.
На заканчэнне ўрачыстай Імшы вернікі шчыра павіншавалі біскупа з юбілеем. З падзякаю за ўсё тое, што ён як пастыр зрабіў для абвяшчэння Евангелля ў нашай краіне, яны пажадалі яму моцнага здароўя і шчодрых Божых ласкаў праз заступніцтва Маці Божай Шкаплернай.
Падчас урачыстасцяў у Гудагаі многія вернікі прынялі кармэліцкі шкаплер, даручыўшы сябе такім чынам пад надзейную апеку Маці Божай.
Варта адзначыць, што за тры дзесяцігоддзі з часу аднаўлення дзейнасці айцоў кармэлітаў у Беларусі культ Маці Божай Шкаплернай становіцца ўсё больш папулярным сярод вернікаў мясцовага Касцёла, а Гудагайскі фэст стаў адной з традыцыйных марыйных урачыстасцяў, якая штогод збірае вялікую колькасць шанавальнікаў Маці Божай у гэтым прыгожым лясным куточку.
Фота: Віталь Палінеўскі, catholic.by