Апоўначы 19 ліпеня ў Гудагаі працэсіяй святла з паходнямі і цудадзейным абразом Маці Божай Шкаплернай распачалася ўрачыстая святая Імша, цэлебрацыю якой узначаліў біскуп Віцебскі Алег Буткевіч.
Як паведамляе catholic.by, разам з віцебскім іерархам Эўхарыстыю цэлебравалі дапаможны біскуп Пінскай дыяцэзіі Казімір Велікаселец, дапаможны біскуп Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Юрый Касабуцкі, айцы кармэліты, якія апякуюцца гудагайскім санктуарыем, і святары з розных дыяцэзій Беларусі.
«Мы збіраемся з вамі ў незвычайны час, нялёгкі час, выключны час са шмат якіх пунктаў гледжання. І гэтае месца, на якім збіраемся, і тая сітуацыя, якую перажываем, — усё гэта схіляе нас да пэўнай рэфлексіі, разважання над тым, чым ёсць нашая вера, якая ёсць нашая вера», — вызначыў на пачатку гаміліі яе асноўную тэму пастыр Касцёла на Віцебшчыне.
Біскуп Буткевіч дадаў, што хоць Марыя праяўляе сябе праз сваё заступніцтва і дапамогу вернікам ва ўсім свеце, аднак гэтае месца, якім з’яўляецца санктуарый Маці Божай Шкаплернай у Гудагаі, — асаблівае. Іерарх зазначыў яго сувязь з біблейскімі падзеямі, калі прарок Ілля на гары Кармэль давёў народу, што Пан Бог — гэта адзіны Бог, у якога трэба верыць і якому належыць пакланяцца.
«Тое, што адбылося шмат стагоддзяў таму, актуальна і сёння. Сёння мы таксама павінны вяртацца да гэтага пытання, кім ёсць Бог, у якога мы з вамі верым. І другое пытанне: наколькі мы ў Яго верым», — прапанаваў паразважаць біскуп.
Ён нагадаў гісторыю з’яўлення шкаплера — элементу адзення, які мае асаблівае духоўнае значэнне. Іерарх звярнуў увагу на тое, што, калі манахі кармэліты носяць шкаплер паверх манаскай вопраткі, то іншыя людзі носяць яго пад адзеннем, непасрэдна на целе.
Біскуп прызнаўся, што таксама носіць шкаплер, які бліжэйшы да цела, «чым уласная кашуля».
Ён патлумачыў, што абяцанне збаўлення, звязанае з нашэннем шкаплера, здзяйсняецца дзякуючы Божай ласцы і залежыць ад веры чалавека, якая робіць яго ў кожны момант жыцця блізкім да Бога. Іерарх падкрэсліў, што менавіта такая вера, а не сам шкаплер, ратуе чалавека.
«Як жа часта вера — толькі дадатак да нашага жыцця. Важны, каштоўны, найважнейшы дар асабліва ў гэтыя цяжкія часы, калі мы шукаем паратунку, вера сапраўды вельмі моцна вырастае, але часта застаецца толькі дадаткам да нашага жыцця», — адзначыў біскуп і прапанаваў удзельнікам урачыстасці задумацца над сваёю вераю, узяўшы за прыклад веру Божай Маці.
Ён заўважыў, што Яе вера заўсёды суадносілася з Божай воляй і не пахіснулася нават тады, калі Божая воля не супадала з Яе ўласнымі пажаданнямі. Нярэдка здараецца, што людзі расчароўваюцца, калі Бог «не выслухоўвае» іх просьбаў і не дае таго, аб чым чалавек Яго моліць.
Пасля Імшы многія вернікі засталіся на малітве перад цудадзейным абразом Маці Божай Гудагайскай на ўсю ноч, каб у шчырай размове з Божай Маці ўмацаваць сваю веру і знайсці адказы на складаныя пытанні жыцця.
Раней некалькі соцень удзельнікаў урачыстасці ў Гудагаі прайшлі Крыжовым шляхам па самай працяглай Кальварыі ў Беларусі.
Набажэнства, якое сёлета ў межах фэсту адбылося ўжо ў адзінаццаты раз, стала яго адметнай і неад’емнай часткай. Як прызнаваліся ўдзельнікі, Крыжовы шлях на Кальварыі ў Гудагаі — самы цяжкі. Ён праходзіць па полі і ўзлесках, дарогу часта перагароджваюць вялікія валуны і карэнне дрэваў змяшанага бору.
Фота: Віталь Палінеўскі, catholic.by