
У суботу 25 кастрычніка ў гродзенскай парафіі Святога Духа, якая знаходзіцца ў мікрараёне Альшанка, прайшоў майстар-клас “Малюнак” для дзяцей школьнага ўзросту.
У мерапрыемстве ўдзельнічала больш за 20 дзяцей, якія пад кіраўніцтвам мастака Ірыны Хайноўскай вучыліся маляваць акварэльнымі фарбамі.
Спачатку мастачка пазнаёміла дзяцей з асноўнай тэхнікай малявання. Пасля дзеці стваралі малюнак на тэму “Анёл над Альшанкай”.
“У выніку ў дзяцей атрымаліся прыгожыя малюнкі, якія яны з радасцю забралі дадому, каб паказаць бацькам і захаваць на памяць, – кажа с. Яна Аляксеева CSSH, якая паведаміла пра гэтую падзею. – Няхай анёл, які чувае над Альшанкай, выпрошвае неабходныя ласкі для мастака Ірыны, якая прафесійна правяла майстар-клас, а таксама для ўсіх дзяцей і іх сем’яў”.
Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі
