![]()
Аляксандр Лукашэнка сустрэўся з прэфектам Дыкастэрыі па справах Усходніх Цэркваў кардыналам Клаўдыё Гуджэроці.
Іерарх наведвае Беларусь у якасці спецыяльнага пасланніка Пантыфіка для ўдзелу ва ўрачыстасцях з нагоды 100-годдзя Пінскай дыяцэзіі. Яна была заснавана 25 кастрычніка 1925 года і цяпер з’яўляецца адной з чатырох каталіцкіх дыяцэзій у Беларусі, ахопліваючы тэрыторыю Брэсцкай і Гомельскай абласцей.
Падчас сустрэчы, якая адбылася 27 кастрычніка 2025 года ў Мінску, Аляксандр Лукашэнка цёпла прывітаў ватыканскага іерарха. "Я ў дэталях азнаёмлены з вашым візітам. Вельмі рады, што вы ўспомнілі Беларусь і вам спадабалася Беларусь, спадабаліся нашы людзі", - сказаў ён.
"Усе. Не толькі католікі, праваслаўныя. І іншыя людзі. І нават мусульмане вельмі добра ўспрынялі ваш візіт. Гэта сведчыць пра тое, што той ваш след у Беларусі, прабачце за таўталогію, не застаўся незаўважаным", - працытавала кіраўніка дзяржавы інфармацыйнае агенцтва БелТА.
Кардынал Клаўдыё Гуджэроці ў 2011-2015 гадах быў апостальскім нунцыем у Беларусі, таму ён добра вядомы і паважаны ў краіне.
Паводле Vatican News
