
25 кастрычніка ў санктуарыі Маці Божай Яснагорскай у Капцёўцы (дэканат Гродна-Захад) прайшла сустрэча колаў Ружанца Гродзенскай дыяцэзіі.
Правядзенне такой сустрэчы ў кастрычніку было невыпадковым, паколькі гэты месяц у Каталіцкім Касцёле асабліва прысвечаны малітве Ружанца і ўшанаванню Маці Божай як Каралевы Ружанца. Сустрэча давала ўдзельнікам магчымасць вучыцца яшчэ большай пашане да Панны Марыі.
На мерапрыемстве сабраліся члены ружанцовых колаў розных парафій дыяцэзіі.
Прысутныя ўзялі ўдзел у адарацыі Найсвяцейшага Сакрамэнту, маліліся аб міры ва ўсім свеце, за ўсе сем’і дыяцэзіі і ўсіх членаў ружанцовых колаў мясцовага Касцёла – як жывых, так і памерлых.
Кусташ санктуарыя ў Капцёўцы і дыяцэзіяльны мадэратар колаў Ружанца кс. Міхал Ластоўскі пазнаёміў удзельнікаў сустрэчы з гісторыяй капцёўскай парафіі, якая сёлета адзначае 25 гадоў з часу асвячэння свайго касцёла і 15 гадоў з часу аб’яўлення яго дыяцэзіяльным санктуарыем.

Віцэ-канцлер Гродзенскай курыі кс. канонік Антоні Грэмза выступіў з канферэнцыяй “Ружанец як малітва сузірання Слова Божага”. Святар адзначыў, што малітва Ружанца з’яўляецца тыпова медытацыйнай і сузіральнай, хрысталагічнага зместу, падсумоўвае ўсё Евангелле і што медытацыя падчас гэтай малітвы азначае даручэнне сваіх клопатаў міласэрнаму Сэрцу Езуса і Сэрцу Яго Маці. Ксёндз Антоні параіў тым, хто моліцца Ружанец, дазволіць Богу падчас гэтай малітвы размаўляць з імі.
Галоўным пунктам праграмы сустрэчы была святая Імша. Пасля ўдзельнікі сабраліся ў доме пілігрыма на абедзе.
Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі
