10-12 ліпеня для ўдзельнікаў Душпастырства студэнтаў і старэйшай моладзі Open Гродзенскай дыяцэзіі, маладых сем’яў, якія выйшлі з гэтага душпастырства, і ўдзельнікаў евангелізацыйнага курсу “Альфа” адбыліся рэкалекцыі на байдарках. У сустрэчы, якую ўзначаліў душпастыр моладзі кс. канонік Антоні Грэмза, прынялі ўдзел 30 чалавек.
У праграме кожнага дня былі святая Імша, адарацыя Найсвяцейшага Сакрамэнту, канферэнцыя.
Кожны дзень быў прысвечаны пэўнай тэме: SOS, трампліны, латарэя. У першы дзень святар прапанаваў паразважаць над тым, што трэба зрабіць, каб выратаваць сваю душу ў сучасным свеце, які прапануе чалавеку шмат прыцягальнага, сярод чаго можна згубіцца.
Таксама ўдзельнікі ў другі дзень разважалі на тэму адвагі, каб не баяцца давяраць сваё жыццё Богу. У трэці дзень яны разважалі над тым, што кожны выйграў латарэю, каб жыць, верыць і любіць.
Акрамя духоўных практыкаванняў, удзельнікі разам плавалі на байдарках па рацэ Котра, адкрываючы прыгажосць нашай зямлі і захапляючыся навакольнымі пейзажамі, дзякуючы Пану за ўсё, што Ён стварыў.
Ксёндз Антоні Грэмза, арганізатар гэтых рэкалекцый, якія ўжо па традыцыі адбываюцца летам, перакананы, што гэтая добрая ідэя, каб умацаваць чалавечыя сувязі і супольнасць Касцёла.
“Я ўпэўнены, што гэтая сустрэча яшчэ больш з’яднала людзей, каб быць супольнасцю Касцёла і вучыцца давяраць Пану Езусу сваё жыццё ў сучасным свеце”, – дадае святар.
Пасля заканчэння рэкалекцый, якім не перашкодзіла не вельмі добрае надвор’е, удзельнікі вярнуліся ўмацаваныя верай, моцныя Богам і з адчуваннем, што належаць да вялікай сям’і Касцёла.
Кс. Юрый Марціновіч