5 ліпеня ў вёсцы Пурсцi, якая належыць да парафіі Найсвяцейшай Тройцы ў Крупаве (Лідскі дэканат) адбылося асвячэнне новага крыжа. Крыж усталяваны па ініцыятыве католікаў гэтай вёскі на месцы ранейшага драўлянага.
Жыхары вёскі Пурсці – у асноўным пажылыя людзі, якіх рэгулярна наведваюць дзеці і і ўнукі, што жывуць у горадзе. І тым, і другім было важна, каб у іх вёсцы быў новы крыж, які будзе нагадваць пра іх карані і заахвочваць да падтрымкі хрысціянскіх каштоўнасцяў.
Вяскоўцы жывуць вельмі дружна, сяброўства – іх асаблівая рыса, таму, калі паўстала пытанне пра тое, каб зрабіць новы крыж, усе аднагалосна падтрымалі матэрыяльна гэтую ініцыятыву. Ахвотна адгукнуліся і тыя, хто пастаянна жыве ў вёсцы, і тыя, хто прыязджае зрэдку.
Урачыстае асвячэнне крыжа пры ўдзеле шматлікіх жыхароў вёскі і гасцей здзейсніў пробашч крупаўскай парафіі кс. Пётр Кубель. Таксама каля крыжа святар цэлебраваў святую Імшу, атачыўшы малітвай усіх жыхароў вёскі і іх сем’і.
Падчас Эўхарыстыі вернікі маліліся аб Божым блгаслаўленні для сябе і сваіх блізкіх, просячы, каб Пан захаваў ад няшчасцяў.
Пробашч падзякаваў ім за сведчанне веры і пажадаў трываць далей пры крыжы Хрыста Пана.
Кс. Юрый Марціновіч