29 чэрвеня Касцёл адзначае ўрачыстасць святых апосталаў Пятра і Паўла. У многіх святынях нашай краіны аддаецца пашана гэтым апосталам, якія стаялі ля пачаткаў Касцёла. У гэты дзень Касцёл ушаноўвае іх мучаніцтва. Святыя Пётр і Павел, хоць і прымалі цярпенне ў розны час, заўсёды былі адным.
Касцёл, заснаваны на фундаменце дванаццаці апосталаў, заўсёды аддаваў асаблівую пашану двум сярод іх: Пятру, якому Пан даверыў найвышэйшую пастырскую ўладу, і Паўлу, які разнёс слова Евангелля па ўсёй Рымскай імперыі.
Іўеўскія вернікі ў гэты дзень сабраліся на малітву. Яны прынеслі ў сваіх сэрцах розныя інтэнцыі. Падчас Імшы традыцыйна маліліся за дзяцей і моладзь, аб збаўленні ад пандэміі, за родны горад Іўе і яго ўлады.
Пасля Імшы адбылася працэсія вакол касцёла.
На мясцовы фэст таксама завітаў ксёндз Аляксандр Фаміных, дырэктар “Радыё Марыя”, які збіраў ахвяры для падтрымання радыё. “Радыё Марыя” таксама вяло трaнсляцыю адной з Імшаў у парафіі ў гэты дзень.
Раман Ярмош
Фота: Вераніка Захар