Роўна 5 гадоў таму – 6 чэрвеня 2015 года – адышоў па вечную ўзнагароду да Пана кс. Ян Занеўскі, пробашч парафіі Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Квасоўцы. Ён пражыў на гэтым свеце амаль 50 гадоў, з якіх напалову – у Хрыстовым святарстве.
Кс. Ян Занеўскі заўсёды быў актыўны на полі душпастырства, заўсёды імкнуўся да справядлівасці. Клапаціўся пра дзецей, моладзь, дбаў пра іх катэхізацыю ў Гродзенскай дыяцэзіі. Для яго было вельмі важна, каб Бог жыў у сэрцах маладых людзей, каб яны ніколі не забывалі дарогі да касцёла.
Душу ўкладваў у справу аднаўлення парафіяльнай святыні, як і ў аднаўленне Касцёла, які ўтвараюць самі людзі. З моманту прыбыцця ў Квасоўку займаўся ўпарадкаваннем касцёльнай тэрыторыі. Найперш – рамонтам святыні, потым – прылеглай мясцовасці, парафіяльных залаў, плябаніі.
Кс. Ян моцна хацеў, каб усюды быў парадак. Пры кожным візіце ў Квасоўку паўтараў: “У нас заўсёды рамонты, бо трэба ж нешта рабіць!”.
Святара вельмі любілі дзеці. Гэта было асабліва бачна ў квасоўскай парафіі. Шмат міністрантаў каля алтара, некалькі парафіяльных музычна-інструментальных гуртоў, а летам розныя лагеры для дзяцей і моладзі.
Пры парафіі заўсёды адчуваўся рух, штосьці няспынна рабілася. У той жа час святар стараўся ўсіх выслухаць, каля кожнага затрымацца хаця б на хвіліну. Гэта было відаць падчас любой сустрэчы з годным душпастырам.
Кс. Занеўскі старанна пашыраў на Гродзеншчыне культ бл. Маці Цэліны Бажэнцкай, заснавальніцы Кангрэгацыі Сясцёр Змёртвыхпаўстання Пана нашага Езуса Хрыста. Благаслаўлёная была вельмі блізкая яго сэрцу. Магчыма, і па гэтай прычыне, што нейкі час жыла ў Абрэмшчыне недалёка ад Заневічаў – малой радзімы святара.
Некалькі гадоў Цэліна Бажэнцкая наведвала касцёл у Квасоўцы, дзе кс. Ян змясціў яе рэліквіі. Таксама змясціў іх у капліцы Божай Міласэрнасці ў Свiслачы.
Можна з упэўненасцю сказаць, што дзякуючы гэтаму рупліваму святару благаслаўлёная стала больш вядомай на нашых землях.
У апошнія месяцы жыцця кс. Яна было заўважна, што ён паступова адыходзіць да Бога, развітваўся з гэтым светам. Хвароба не дазваляла яму да канца рэалізаваць усе свае планы і намеры. Ён згарэў, як свечка пры алтары, дарэшты. Аднак у сэрцах многіх людзей пакінуў цяпло і святло Божага агню, пакінуў у іх Бога, а сваю задачу выканаў да канца, як належыць.
Дзякуем Пану за дар гэтай асобы, якая вучыла нас сапраўды хрысціянскаму жыццю!
Дзякуем Пану за яго прыгожае святарства, якім ён нас усіх узбагаціў!
Кс. Юрый Марціновіч