1 чэрвеня, ва ўспамін Найсвяцейшай Панны Марыі, Маці Касцёла, каля прыдарожнай капліцы ў вёсцы Цвермы (Лідскі дэканат) па добрай традыцыі адбылася ўрачыстая святая Імша.
У сувязі са складанай эпідэміялагічнай сітуацыяй аўтобусная пілігрымка з парафіі Узвышэння Святога Крыжа ў Лідзе (Фара) была адменена, але гэта не паўплывала на колькасць прысутных: большасць людзей прыехала на літургію ўласнымі сродкамі транспарту, мясцовыя жыхары прыйшлі пешшу, а некаторыя пілігрымы прыбылі на роварах.
Эўхарыстыю ў лесе цэлебраваў ксёндз канонік Уладзімір Гуляй, пробашч лідскай Фары. Напачатку ён прывітаў усіх і выказаў радасць, што нават у такой сітуацыі тут сабралося шмат людзей. Святар растлумачыў сэнс і важнасць успаміну і распавёў гісторыю гэтага месца.
З гаміліяй да вернікаў звярнуўся кс. Віталій Сідорка, пробашч лідскай парафіі св. Юзафа Рамесніка і бл. сясцёр мучаніц з Навагрудка. Ён прыгадаў ранейшыя традыцыі, што існавалі ў вернікаў, якія маліліся ў гэтай капліцы, і паразважаў над словамі Евангелля і сэнсам успаміну Марыі, Маці Касцёла. Ксёндз Віталій адзначыў, што для Марыі нават быць пад крыжам было радасцю, таму мы таксама павінны навучыцца прымаць усе цяжкасці і перашкоды ў жыцці.
На заканчэнне Імшы ўсе прысутныя разам памаліліся Літаніяй да Найсвяцейшага Сэрца Езуса, а пасля благаслаўлення мелі магчымасць сам-насам памаліцца перад крыжам.
Прыдарожная каплічка ў Цвермах – сапраўды “намоленае” месца, дзе калісьці стаяла капліца, пабудаваная кс. Гіпалітам Баярунцам і парафіянамі. Капліца была добра вядомай з прычыны цудаў, якія там адбываліся. Вернікі, молячыся ля крыжа, які знаходзіўся ў капліцы, атрымлівалі асаблівыя Божыя ласкі. Таму гэты крыж пачалі лічыць цудадзейным.
У савецкія часы ўлады разбурылі капліцу, а крыж вернікі перанеслі ў тракельскі касцёл, дзе ён знаходзіўся да нядаўняга часу. Некалькі гадоў таму вернікі лідскай Фары перанеслі крыж на месца былой капліцы, ад якой застаўся толькі фундамент. Цяпер тут прыдарожная каплічка, дзе размешчаны гэты крыж.
Штогод на другі дзень урачыстасці Спаслання Духа Святога на гэтым месцы адбываецца ўрачыстая святая Імша ў гонар Найсвяцейшай Панны Марыі, Маці Касцёла. З кожным годам у гэтае цудоўнае месца прыязджае ўсё больш людзей. Моладзь рыхтуе літургію, сёстры назарэтанкі ўпрыгожваюць алтар, мясцовыя жыхары ўпарадкоўваюць тэрыторыю.
Каплічку ў Цвермах кс. Уладзімір Гуляй назваў “месцам, дзе спыняецца час”. Пад спевы птушак і шум лістоты, стоячы ў ценю алешніка і дыхаючы свежым лясным паветрам, адчуваеш, что жыццё – цудоўнае!
Яна Чайко