27 мая вернікі парафіі святых апосталаў Пятра і Паўла ў Іўі павіншавалі свайго пробашча кс. Яна Гавецкага з 30-годдзем святарства ў Хрыстовым Касцёле.
Ксёндз Ян Гавецкі атрымаў прэзбітэрскае пасвячэнне з рук арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча 27 мая 1990 г. у гродзенскім касцёле св. Францішка Ксаверыя. У той дзень урачыстасць прэзбітэрскага пасвячэння прайшла ў Беларусі ўпершыню.
Віншаванні ў адрас юбіляра прагучалі з розных бакоў: іх выказалі дзеці, моладзь, міністранты, прадстаўнікі розных малітоўных груп, якія існуюць у парафіі, яго родныя, якія могуць ганарыцца тым, што маюць добрага святара ў сваёй сям'і.
Ксёндз Ян Гавецкі вядомы як ініцыятар розных душпастырскіх акцый. Менавіта ён з’яўляецца галоўным натхняльнікам дэканальных фестываляў калядак і пастаралак, якія праходзяць штогод у мясцовым Доме культуры. Вядомы ён і як добры арганізатар, кіраўнік іўеўскага аддзялення дабрачыннага каталіцкага таварыства “Caritas”.
За амаль 24 гады служэння на Іўеўшчыне складана пералічыць усе акцыі, мерапрыемствы і праекты, якія ўдалося рэалізаваць дзякуючы маладому запалу і актыўнасці гэтага святара.
Ксёндз Ян Гавецкі нарадзіўся ў 1962 г. у Гродне. Атрымаўшы прэзбітэрскае пасвячэнне, стаў святаром Вілкавішскай дыяцэзіі ў Літве ў 1990 г. Aдзін год быў вікарыем у парафіі св. Яна Хрысціцеля ў Шакяі (Літва).
Потым са згоды Вілкавішскага біскупа вярнуўся на радзіму і ў 1991-1996 гг. быў пробашчам парафіі ў Трабах, а з 1996 г. з’яўляецца пробашчам парафіі святых апосталаў Пятра і Паўла ў Іўі.
Раман Ярмош