У катэдральным касцёле св. Францішка Ксаверыя ў Гродне завяршаюць рэстаўрацыю алтара, які датуецца 1720 годам.
Як паведамляе grodnoplustv.by, над аднаўленнем унікальнай часткі касцёла працуюць мінскія рэстаўратары ў трэцім пакаленні Мікалай і Елісей Лёля.
Гэта ўжо трэці, апошні этап рэстаўрацыі алтара. За плячыма самае складанае – непасрэдна яго падрыхтоўка, зняцце ўсіх дэталяў, іх фарбаванне і нават даробка.
Чакаюць свайго часу і старадаўнія абразы святых Стэфана і Юды Тадэвуша. Подпісаў, хто і калі іх ствараў, няма, але майстры ўпэўнены, што почырк кажа пра добрую школу іканапісу. Між іншым, гэтыя абразы, як і многае іншае ў катэдры, добра захаваліся, але над некаторымі часткамі алтара рэстаўратарам давялося моцна папрацаваць.
Ніякіх дакументаў, як павінны выглядаць алтары і інтэр’ер касцёла ў цэлым, не захавалася, але гэта не значыць, што сёння ў рэстаўратараў ёсць воля фантазіі. Яны аднаўляюць тую працу, якую па многіх прычынах не ўдалося зрабіць іх папярэднікам.
“Ёсць згадка, што алтары былі распісаны пад мармур. Канешне, каларыстыка крыху іншая. Уся каларыстыка касцёла змянілася за гэтыя гады. Калі рабілі эскізы гэтых алтароў, бралі пад увагу, каб уся святыня знаходзілася ў адной колеравай гаме”, – кажа пробашч парафіі кс. канонік Ян Кучынскі.
Усяго ў касцёле св. Францішка Ксаверыя 13 алтароў, рэстаўравана ўжо пяць. Так, карпатліва і ўпэўнена, галоўная каталіцкая святыня Гродна будзе цалкам рэстаўравана.