Skip to main content

100-годдзе нараджэння св. Яна Паўла ІІ адзначылі ў лідскай Фары

lida jp 2618 мая адзначалася 100-годдзе з дня нараджэння св. Яна Паўла ІІ. У лідскай парафіі Узвышэння Святога Крыжа (Фара) адбылася ўрачыстая Імша падзякi за дар Папы для Касцёла.

Эўхарыстыю ўзначаліў пробашч парафіі кс. канонік Уладзімір Гуляй.

На Імшы прысутнічалі Консул Рэспублікі Польшчы ў Гродне Аляксандра Алейнік і прадстаўнікі польскай дыяспары.

На пачатку гаміліі пробашч адзначыў: “У гэты цяжкі для нас час, калі змагаемся з пандэміяй і задаем пытанні аб будучыні нашых сем'яў і грамадства, варта таксама спытаць аб тым, што б нам сказаў Ян Павел ІІ”. І працягнуў: “Першая думка – гэта словы, якія ён сказаў у гаміліі на пачатку свайго пантыфікату: “Не бойцеся, адчыніце дзверы Хрысту! Не бойцеся! Хрыстус ведае, што чалавек носіць унутры. Ён адзіны гэта ведае!””

Далей кс. Уладзімір прыгадаў біяграфію Папы, цяжкасці яго жыцця, пілігрымкі і яго ўклад у гісторыю Касцёла і свету.

“Няхай соты юбілей святога Папы Яна Паўла ІІ будзе для нас заклікам да братэрства і еднасці. Няхай будзе крыніцаю надзеі і даверу Божай Міласэрнасці”, – пажадаў пробашч.

Пасля Iмшы ўсе разам памаліліся перад абразом святога Яна Паўла ІІ аб яго заступніцтве.

Яна Чайко