18 мая прыпала 100-я гадавіна з дня нараджэння святога Яна Паўла ІІ, Вялікага Папы, які вельмі пасадзейнічаў адраджэнню касцёльных структур у нашай краіне.
У гэтае асаблівае святкаванне ўключылася парафія ў Смаргоні – першая парафія ў гонар св. Яна Паўла ІІ, зарэгістраваная ў Беларусі. У 2012 годзе біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч, “кіруючыся духоўным дабром вернікаў і развіццём Хрыстовага Касцёла ў Гродзенскай дыяцэзіі”, выдаў дэкрэт аб заснаванні новай парафіі ў Смаргоні.
Ёй быў дадзены тытул Яна Паўла ІІ. Такім чынам Гродзенскі Касцёл вырашыў выказаць удзячнасць Богу за слыннага паляка, якога шануюць і любяць на гэтых землях.
Дзень 100-годдзя нараджэння святога Папы для вернікаў гэтай супольнасці стаў асаблівым. Святкаванне прайшло ў парафіяльнай капліцы, дзе на Эўхарыстыі вернікі на чале са сваім пробашчам кс. Яўгенам Учкуронісам узносілі просьбы Богу, у тым ліку аб выбаўленні ад пандэміі каранавірусу.
Святкаванне адбылося таксама ў дамах парафіян. Па прыкладзе суседзяў з Польшчы яны на аркушы паперы напісалі: “Дзякуй, Ян Павел ІІ!” на розных мовах, зрабілі здымак і апублікавалі ў сацыяльных сетках на сваёй старонцы з хэштэгам #ДзякуйЯнПавелІІ.
Удзел у акцыі быў для іх выразам удзячнасці Святому Айцу, які шмат зрабіў для Касцёла і свету. Магчыма, такім чынам аб ім даведаецца большая колькасць людзей, калі яшчэ ёсць тыя, хто нічога не чуў пра Вялікага Папу-паляка.
У многіх дамах вернікаў гэтай супольнасці на стале быў юбілейны торт, які яны разам спажылі ў сямейным коле за кубкам гарбаты.
Кс. Юрый Марціновіч