Skip to main content

Вернікі смаргонскай парафіі св. Яна Паўла ІІ падтрымалі мясцовы шпіталь

smargon 5Час пандэміі, выкліканай пашырэннем каранавірусу, нараджае ў многіх людзях пачуццё адказнасці і гатоўнасць несці дапамогу медыцынскім установам. Шмат парафій нашай дыяцэзіі ўжо ўключылася ў дапамогу мясцовым шпіталям і медперсаналу.

14 мая вернікі парафіі святога Яна Паўла ІІ у Смаргоні на чале з пробашчам кс. Яўгенам Учкуронісам перадалі аддзяленню хуткай дапамогі Смаргонскай ЦРБ 55 камбінезонаў, 150 павязак і 45 пар бахілаў.

Праз аказанне неабходнай дапамогі парафіяне, чыім апекуном з’яўляецца святы Ян Павел ІІ, які асабліва заахвочваў чыніць міласэрнасць, вырашылі зрабіць свой унёсак у добрую справу.

Як адзначае пробашч, вернікі ахвотна прынялі ўдзел у дабрачыннай акцыі, сабралі грошы на пакупку тканіны. Такая чалавечая салідарнасць – пацвярджэнне і сведчанне веры парафіян, якія жадаюць і далей дапамагаць мясцоваму шпіталю.

Кс. Юрый Марціновіч

Фота: shliah.by

 

эпідэмія, вернікі, Гродзенская дыяцэзія, Смаргонь, святыя, Св. Ян Павел II, дабрачыннасць