Skip to main content

Споведзь і Камунія ва ўмовах эпідэміі. Як выканаць касцёльны наказ, тлумачыць арцыбіскуп Кандрусевіч

spowiedz jpg 16 04 2019 13 10Паведамленне Старшыні Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі адносна споведзі і Камуніі ва ўмовах эпідэмі.

Клапоцячыся пра духоўнае дабро вернікаў, растлумачваю, як у выкліканых пандэміяй каранавірусу ўмовах, знаходзячыся ў ізаляцыі, не «самаізалявацца» ад Бога і Касцёла.

Следам за Папам Францішкам, які нядаўна звярнуў увагу на небяспеку «віртуальнага Касцёла» без рэальнай супольнасці і сакрамэнтаў, заахвочваю вернікаў не пазбаўляць сябе збаўчай ласкі і тлумачу, як гэта зрабіць у сённяшняй надзвычайнай сітуацыі.

Вядома, што пандэмія каранавірусу стварыла шмат праблем, у тым ліку і пастырскіх.

Святар не можа прыйсці ў інфекцыйны шпіталь, каб паспавядаць і намасціць хворых, удзяліць ім святую Камунію. Таму многія сёння задаюць пытанне, што рабіць у гэтай сітуацыі.

Паводле вучэння Каталіцкага Касцёла, кожны католік абавязаны прынамсі раз у год прыступіць да сакрамэнту пакаяння, а ў Велікодны перыяд прыняць святую Камунію. Час велікоднай святой Камуніі распачынаецца Папяльцовай серадой і завяршаецца ўрачыстасцю Спаслання Духа Святога. Гэта — мінімальна неабходнае, і зазвычай вернікі спавядаюцца і прымаюць Цела Хрыста нашмат часцей. Але сёння пад пытаннем нават выкананне гэтага прадпісанага Катэхізісам мінімуму.

Сакрамэнты — гэта бачныя і дзейсныя знакі нябачнай Божай ласкі, але калі іх фізічнае здзяйсненне становіцца немагчымым, гэта не азначае, што ў чалавека няма выйсця. Яно ёсць: Бог і Касцёл заўсёды выходзяць насустрач чалавеку.

Ва ўмовах эпідэміі былі выдадзены розныя прадпісанні, у якіх святарам даецца заданне быць асабліва ўважлівымі да духоўных патрэбаў вернікаў, а таксама быў прадугледжаны цэлы шэраг нормаў, каб атрыманне духоўных дабротаў не было спалучана з рызыкай для фізічнага дабра і здароўя чалавека.

Тыя, хто на працягу Вялікага посту не прыступіў да споведзі, могуць дамовіцца са святаром індывідуальна.

Споведзь таксама можа адбывацца не ў канфесіянале, як звычайна, а ў прыдатным памяшканні ці на адкрытым паветры. Галоўнае, каб не было небяспекі парушэння таямніцы споведзі. Акрамя таго, споведзь ні ў якім выпадку не можа адбывацца па тэлефоне ці праз інтэрнэт.

Калі ж з-за хваробы каранавірусу чалавек знаходзіцца ў шпіталі ці ў строгай ізаляцыі, то яму неабходна ўзбудзіць дасканалы жаль за грахі. Такі жаль, матываваны любоўю да Бога і выказаны шчырай просьбай аб прабачэнні, што суправаджаецца цвёрдым рашэннем як мага хутчэй звярнуцца да сакрамэнтальнай споведзі, вядзе да атрымання адпушчэння нават смяротных грахоў. Таксама поўны адпуст могуць атрымаць хворыя з каранавірусам, тыя, хто аказвае ім дапамогу, і ўсе вернікі свету, якія за іх моляцца (пар. Дэкрэт Апостальскай Пэнітэнцыярыі ад 20 сакавіка 2020 года).

Калі стан здароўя дазваляе чытаць, у гэтай духоўнай практыцы можа дапамагчы малітоўнік «Ойча наш». У ім ёсць цэлы раздзел, прысвечаны сакрамэнту пакаяння, з рахункам сумлення і малітваю Акту жалю. Словы гэтай малітвы могуць дапамагчы ўзбудзіць у сэрцы дасканалы жаль, які дае асвячальную ласку.

Пасля гэтага вернік, якому святар не мае магчымасці прынесці святую Камунію, можа здзейсніць акт духоўнай камуніі.

Запэўніваю ўсіх вернікаў нашай краіны і ўсіх людзей добрай волі ў сваёй няспыннай малітве за хворых і іх родных, за тых, хто іх лечыць і даглядае, каб міласэрны Бог даў ім сілы перанесці гэтае выпрабаванне, адарыў здароўем і дазволіў як найхутчэй вярнуцца да нармальнага жыцця, а памерлых прыняў у сваё Валадарства.

Сваю малітву падмацоўваю пастырскім благаслаўленнем у імя Айца і Сына, і Духа Святога.

Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч

Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі, Старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі

Паводле Catholic.by