У сувязі з пандэміяй каранавірусу і абмежаваннямі з мэтай яе прадухілення, многія вернікі ўпершыню пачулі пра духоўную камунію. Што гэта такое і як яе прымаць — у матэрыяле ксяндза Міхала Любавіцкага.
Пастаянная рада Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі рэкамендуе пры немагчымасці ўдзелу ў святой Імшы маліцца дома і прымаць духоўную камунію. Дарэчы, яе практыкавалі многія святыя і раілі як адну з найбольш плённых духоўных практык. У наш час пра духоўную камунію зноў нагадалі святы Ян Павел ІІ і Бэнэдыкт XVI.
Што такое духоўная камунія? У чым яна заключаецца? Што дае? Як і калі яе можна прымаць?
Пра гэта пойдзе гаворка ніжэй.
Што значыць «камунія»?
Лацінскае слова communio азначае «еднасць», і менавіта такая мэта сакрамэнтальнай святой Камуніі — прымання Цела і Крыві Хрыста ў Эўхарыстыі ў выглядзе хлеба і віна.
Прыступаючы да Камуніі, мы не прымаем нейкую «таблетку з крыжыкам», якая павінна даць палёгку ад болю душы і цела, а яднаемся з Езусам Хрыстом.
Ён нам дае сябе самога, а мы Яго прымаем. Ён прабывае ў нас, а мы — у Ім. Ён знаходзіцца ў нас, мы жывем Яго жыццём — жыццём Божага Сына, з’яднанага з Айцом у Духу Святым. Такім чынам, у Камуніі чалавек прымае ў сябе жыццё Найсвяцейшай Тройцы, далучаецца да крыніцы жыцця.
Менавіта гэта і ёсць сапраўдная мэта прымання святой Камуніі. Таму больш правільна казаць пра ўваход у Камунію (еднасць), прабыванне ў ёй і жыццё ёю.
Што такое духоўная камунія?
Духоўная камунія — гэта духоўны акт малітвы, мэта якога ў дасягненні такой еднасці з Хрыстом (ці, лепш сказаць, уваход у такую еднасць), якую дае нам прыманне Яго ў Найсвяцейшым Сакрамэнце Яго Цела і Крыві, але не ў сакрамэнтальным вымярэнні.
Калі ўзяць пад увагу, што з’яднанне з Езусам (а праз Яго — з Айцом у Духу) — гэта найвышэйшая і канчатковая мэта нашага духоўнага жыцця і веры, становіцца цалкам зразумелым, чаму святыя казалі пра духоўную камунію як пра самую карысную (акрамя толькі Эўхарыстыі) рэлігійную практыку.
Як прымаць духоўную камунію?
Ілюстрацыйная выява з адкрытых крыніц
Па сутнасці духоўная камунія заключаецца ў тым, каб узбудзіць у сэрцы моцнае жаданне з’яднацца з Езусам такім самым чынам і з такім жа плёнам, як гэта адбываецца, калі мы прымаем Эўхарыстыю.
Таму для гэтай практыкі перадусім неабходна любоў да Езуса і жаданне быць з Ім у еднасці, вера ў Яго рэальную прысутнасць у Эўхарыстыі, усведамленне, прынамсі агульнае, таго, наколькі вялікім дарам яна з’яўляецца, і як наступства — моцнае жаданне яе прыняць.
Аднак гаворка ідзе не пра распальванне ў сабе нейкіх узнёслых пачуццяў ці эмоцый (хоць яны могуць з’явіцца, і іх не варта адкідаць, але па сутнасці гэта неабавязкова), а пра акт розуму, веры і волі.
Сам спосаб прыняцця духоўнай камуніі можа выглядаць вельмі проста і мець форму кароткай малітвы ці наогул узнёслага акту — імгненнага пабожнага пачуцця, што суправаджаецца некалькімі словамі праслаўлення, падзякі, перапрашэння ці просьбы.
Вось прыклад такой малітвы:
Пане Езу, я веру, што Ты сапраўды прысутнічаеш у святой Камуніі. Я люблю Цябе! Шкадую за грахі, якімі Цябе абразіў. Увайдзі ў маё сэрца: я цалкам Табе аддаюся. Не дай мне ніколі ад Цябе адлучыцца!
Гэта толькі адна з магчымых малітваў. Яна можа быць прамоўлена сваімі словамі і нават яшчэ карацей.
Больш важна паклапаціцца пра тое, каб духоўная камунія адбывалася ў спакоі і засяроджанасці, з павагаю і поўным ўсведамленнем значнасці моманту.
Зусім не лішнім было б укленчыць, прыняць адпаведную паставу цела, якая выражае ўшанаванне, любоў, павагу.
Акту духоўнай камуніі можна надаць своеасаблівую «літургічную» форму. Напрыклад, напачатку ўзбудзіць акт жалю за грахі, завяршаючы яго словамі агульнага вызнання грахоў, як у касцёле на пачатку святой Імшы: «Спавядаюся Богу ўсемагутнаму…», або просьбамі «Пане, змілуйся». Пасля гэтага карысна прачытаць урывак з Евангелля ці нават усе чытанні, якія Касцёл прапануе на гэты дзень. Іх можна заўсёды знайсці на нашым сайце ў раздзеле «Літургічны каляндар». Пасля гэтага можна памаліцца «Ойча наш», прамовіць заклікі «Баранку Божы…» і ў духоўнай засяроджанасці запрасіць Езуса ў сваё сэрца.
Аднак яшчэ раз адзначым, што духоўная камунія можа быць і вельмі кароткім актам, але ад гэтага не менш плённым, калі, напрыклад, мы жадаем бліжэй з’яднацца з Хрыстом у нейкай раптоўнай складанай сітуацыі, у небяспецы і да т.п.
Калі трэба прымаць духоўную камунію?
Духоўная камунія рэкамендуецца асабліва тым, хто не можа ўдзельнічаць у святой Імшы, асабліва ў нядзельнай, а гэта значыць хворым, тым, хто імі апякуецца, вязням і іншым людзям, якія сапраўды не могуць трапіць у касцёл.
Аднак ніякіх абмежаванняў для прымання духоўнай камуніі няма: да яе могуць прыступаць усе без выключэння, нават калі ў той самы дзень яны бяруць удзел у святой Імшы і прымаюць святую Камунію.
Духоўную камунію можна прымаць па некалькі разоў на дзень.
Наогул, «у ідэале», варта было б няспынна ў ёй прабываць або, прынамсі, як мага часцей.
Якія ўмовы прымання духоўнай камуніі?
На гэты конт існуюць розныя меркаванні. Таму паспрабуем разабрацца з гэтым пытаннем у духу вучэння Касцёла і ў адпаведнасці за «здаровым сэнсам». Калі чалавек знаходзіцца ў стане цяжкога граху і не мае рашучай пастановы выправіцца і больш не грашыць, гэта робіць для яго немагчымым з’яднанне з Богам як у сакрамэнтальнай святой Камуніі, так і ў кожным іншым пабожным акце.
Цяжкі, або смяротны грэх становіцца рэальнай і аб’ектыўнай перашкодай для поўнай еднасці чалавека з Богам.
Таму варта правесці адрозненне паміж поўнай (наколькі магчыма) духоўнай камуніяй, і тугою па еднасці з Езусам у Эўхарыстыі.
Зрэшты, духоўная камунія і ёсць актам тугі па Эўхарыстыі. Калі хтосьці часова, працяглы перыяд або пастаянна знаходзіцца ў стане, які робіць для яго немагчымым прыманне сакрамэнтальнай святой Камуніі, то «па аналогіі» гэта робіць для яго немагчымаю і поўную духоўную камунію.
У такім выпадку, напэўна, было б карысней шчыра сказаць Езусу:
«Я сумую па Табе! Я хацеў бы прыняць Цябе ў Эўхарыстыі. Я адчуваю вялізны неспатолены голад — жаданне прымаць Цябе ў Тваім Целе і Крыві. Дапамажы мне, учыні, каб як найхутчэй настаў той момант, калі б гэта нарэшце стала магчымым».
Зразумела, што туга — гэта не тое самае, што прысутнасць і прабыванне ў шчыльнай еднасці, але ў духоўным жыцці і гэта можа мець пэўную карысць.
Уявім, напрыклад, такую сітуацыю.
Марак знаходзіцца на караблі ў далёкім і доўгім плаванні, а яго жонка засталася дома. Вядома, сумаваць адно па адным і ўздыхаць, гледзячы на зоркі, гэта не тое самае, што паразмаўляць праз відэасуавязь. А відэасувязь, нават найлепшай якасці, немагчыма праўноўваць з жывым кантактам, калі можна прытуліцца адно да аднаго, абняць, пацалаваць...
Але калі паміж людзьмі тысячы кіламетраў, і няма сувязі, нават уздыхі пад зорным небам маюць сваё значэнне і ўплываюць на нас саміх і на нашыя адносіны.
Паводле Catholic.by