Skip to main content

Біскуп Станеўскі ў Вялікую пятніцу: няхай ахвяра Хрыста ўзрушыць нашы сэрцы

w piatnica 3810 красавіка ў катэдральным касцёле св. Францішка Ксаверыя ў Гродне адбылася літургія Мукі Пана – набажэнства Вялікай пятніцы, у якім асабліва ўшаноўваецца дрэва Крыжа. Вялікая пятніца – адзіны дзень у літургічным годзе, калі ў святынях не цэлебруецца святая Імша.

Перад распачаццем літургіі Вялікай пятніцы ў святыні адбыўся Крыжовы шлях, што ўжо традыцыйна правялі святары, якія служаць у катэдральнай парафіі.

Літургія, якую ўзначаліў Генеральны вікарый Гродзенскай дыяцэзіі біскуп Юзаф Станеўскі, складалася з трох частак: літургіі слова, адарацыі Крыжа і святой Камуніі.

Цэнтральнай падзеяй літургіі была адарацыя Крыжа. Заслонены фіялетавай тканінай крыж быў устаноўлены перад алтаром. Біскуп Станеўскі паступова адсланяў крыж і тройчы спяваў: “Вось дрэва Крыжа, на якім здзейснілася збаўленне свету”, на што вернікі адказвалі: “Пойдзем з паклонам”.

У гаміліі біскуп разважаў пра значэнне крыжа ў жыцці кожнага хрысціяніна. Ён заахвоціў накіроўваць на крыж позіркі, якія часта імкнуцца за зямнымі забавамі і часовымі справамі, і засяроджвацца на ўкрыжаваным Хрысце.

Іерарх адзначыў, што крыж з’яўляецца крыніцай несмяротнага жыцця, школай справядлівасці і міру, крыніцай прабачэння і міласэрнасці; пастаянным сведчаннем ахвярнай і бясконцай любові, якая схіліла Бога стаць чалавекам, безабаронным, як мы – бо Ён памірае на крыжы.

“Яго прыбітыя цвікамі рукі адкрываюцца для кожнага чалавека і заахвочваюць нас, каб мы без страху узнялі свае вочы на крыж”, – дадаў іерарх.

Мы жывем у часы, калі вельмі часта здзяйсняецца прафанацыя Хрыстовага крыжа, таму дапаможны біскуп заклікаў прысутных шанаваць крыж, не толькі раз у год, у Вялікую пятніцу, але кожны дзень, у кожным месцы.

w piatnica 43

Іерарх паставіў вернікам пытанні, прапануючы задумацца аб пашане да крыжа: “Ці шаную я крыж, крыж прыдарожны, зарослы пустазеллем у роднай вёсцы, крыж, забыты на магіле продкаў, ці раблю знак крыжа на сваім чале і ці вісіць крыж на сцяне ў маім памяшканні?”

“Пацалаваць крыж вуснамі няцяжка, нават у час сусветнай пандэміі, але трымацца крыжа ў штодзённым рытме – гэта вера і ахвяра”, – падкрэсліў біскуп.

Ён заахвоціў пасля супольнага перажывання мукі Езуса дазволіць, каб Яго ахвяра ўзрушыла сэрца кожнага, і спасцігнуць навуку крыжа, каб больш не падаць. “Не будзем баяцца, бо на крыжы Адкупіцель вярнуў нам належную годнасць”, – дадаў іерарх.

Генеральны вікарый дыяцэзіі заклікаў адараваць крыж позіркам сэрца, незалежна ад адлегласці, дыстанцыі ад яго, а таксама заняць сваё месца пад крыжам.

Апошнім літургічным актам Вялікай пятніцы стала перанясенне Найсвяцейшага Сакрамэнту ў прыгожа аздобленую сімвалічную грабніцу, дзе ён будзе адараваны да пачатку Пасхальнай вігіліі. Падчас гэтай адарацыі вернікі будуць дзякаваць Нябеснаму Айцу за ўваскрасенне Езуса і пакліканне да вечнага жыцця.

Кс. Юрый Марціновіч

Фота: Павел Леановіч

 

Вялікая пятніца, біскуп Станеўскі, катэдра, Гродна