Skip to main content

Віншавальнае слова біскупа Гродзенскага Уладзіміра Гуляя на 100-годдзе Пінскай дыяцэзіі

IMG 9587горизонт

З нагоды 100-годдзя Пінскай дыяцэзіі біскуп Гродзенскі Уладзімір Гуляй кіруе дыяцэзіяльнаму біскупу, святарам, манаскім асобам і ўсім вернікам словы віншавання.

Глыбокапаважаны біскуп Пінскі Антоній Дзям’янка, Глыбокапаважаныя біскупы Казімір Велікаселец і Андрэй Зноска, дарагія святары, кансэкраваныя асобы і ўвесь народ Божы Пінскай зямлі!

Са шчырай радасцю і пачуццём братняй еднасці далучаюся да вялікага свята Пінскай дыяцэзіі, якая адзначае свой стогадовы юбілей. Сто гадоў для чалавечай гісторыі ― момант, але для гісторыі збаўлення і жыцця Касцёла ― гэта ўжо важная дарога благаслаўлення і сведчання.

Пінская дыяцэзія была заснавана на роднай глебе, дзе вера ўзрасла з пакалення ў пакаленне, дзе святыні і малітва сталіся крыніцай надзеі ў часы радасці і ў часы пераследу.

Тут нарадзіліся вялікія духоўныя постаці, якія ўпісалі свае імёны ў гісторыю ўсяго Касцёла ў Беларусі: самаадданныя пастыры, ахвярныя браты і сёстры законныя, адданыя парафіі святары і вернікі, якія не баяліся несці святло Хрыста ў цемру часу.

Мы з удзячнаю памяццю прыгадваем тых, хто стаў падмуркам гэтай дыяцэзіі ― ад першага біскупа Зыгмунта Лазінскага, чалавека святасці і мудрасці, да ўсіх тых, хто працягваў яго справу, захоўваючы веру і Касцёл нават тады, калі здавалася, што чалавечых сіл ужо не хапае. З асаблівай удзячнасцю Богу і жывой памяццю ўспамінаем сведку веры ― кардынала Казіміра Свёнтэка. У іхнай стойкасці, мужнасці і любові да Хрыста мы бачым сапраўдны скарб і прыклад для нашага пакалення.

Сённяшні юбілей — гэта не толькі падзяка Богу за мінулае, але і новае пасланніцтва на будучыню.

Свет чакае ад нас свежага сведчання веры, здольнасці гаварыць мовай сучаснасці, мужнасці абараняць годнасць чалавека і сям’і, адкрытасці сэрцаў на патрэбы тых, хто сёння шукае Бога, перажывае цяжкасці, страціў надзею.

Няхай Пан Езус, Добры Пастыр, які вядзе свой народ праз усе выпрабаванні, благаславіць Пінскую дыяцэзію багатымі плёнамі Евангелля. Няхай Дух Святы аднаўляе сэрцы, узмацняе пастыраў, распальвае пакліканні і вядзе ўсіх да святасці жыцця. А Найсвяцейшая Панна Марыя, Каралева Палесся, Апякунка гэтай зямлі, няхай будзе Маці надзеі і суцяшэння для кожнай сям’і і кожнай парафіі.

Ад імя Гродзенскай дыяцэзіі перадаю вам словы братняй любові, малітоўнай падтрымкі і глыбокай удзячнасці за ваша сведчанне, якое з’яўляецца бласлаўленнем для ўсяго Касцёла ў Беларусі.

З братняй любоўю і малітваю за Вас, вашых святароў і ўсіх вернікаў прашу аб Божым благаслаўленні, еднасці і святасці жыцця, каб Пінская дыяцэзія і надалей заставалася жывою супольнасцю вучняў Хрыста, пілігрымамі надзеі для сучаснага свету.

Ad multos annos!

Уладзімір Гуляй

Біскуп Гродзенскі

Гродна, 25.10.2025