Skip to main content

Кусташ гудагайскага санктуарыя ўдзельнічаў у дыялогавай пляцоўцы “Сям’я як каштоўнасць у сучасным свеце”

astr 1

Айцец Аркадзь Куляха OCD, пробашч гудагайскай парафіі Адведзінаў Найсвяцейшай Панны Марыі і кусташ гудагайскага санктуарыя, узяў удзел у раённай дыялогавай пляцоўцы “Сям’я як каштоўнасць у сучасным свеце”, якая прайшла ў Астраўцы.

Як паведамляе ostrovets.by, на мерапрыемстве абмяркоўваліся наступныя пытанні: якія каштоўнасці важныя для вопытных у сямейным плане пар і для моладзі; ці перашкаджаюць сацсеткі сямейнаму жыццю; які наказ хацелі б даць бацькі сваім дзецям; як пабудаваць адносіны паміж мужам і жонкай, навучыцца саступаць адно аднаму і быць цярплівымі.

На гэтыя тэмы разважалі сем’і са стажам і тыя, хто нядаўна ўступіў у шлюб ці толькі падаў заяву на рэгістрацыю, прадстаўнікі райвыканкама, духавенства, аховы здароўя, органаў ЗАГСа. Акрамя а. Аркадзя Куляхі, на сустрэчы прысутнічаў таксама праваслаўны святар – протаіерэй Георгій Савіцкі.

Айцец Аркадзь на сустрэчы адзначыў: “Калі чалавек з самага дзяцінства жыве ў атмасферы веры – няважна, праваслаўная гэта сям’я ці каталіцкая, – ведае пра Бога і запаведзі і прытрымліваецца іх, ён і ў дарослым жыцці будзе імкнуцца да захавання прывітых яму каштоўнасцяў. У праваслаўных ёсць прыгожае паняцце “ўцаркоўлены” – і ён будзе такім. Што чалавек можа даць чалавеку? Любоў. Гэта дар, які мае на ўвазе, што ты аддаеш сябе іншаму і прымаеш яго. Калі вы будзеце любіць адно аднаго, то і вашы дзеці будуць расці ў гэтай атмасферы. І гэта для іх будзе найлепшым прыкладам”.