9 красавіка біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч цэлебраваў урачыстую Імшу Вячэры Пана ў касцёле Адшукання Святога Крыжа (бэрнардынскі) у Гродне. Гэтая Імша ўводзіць у атмасферу Пасхальнага Трыдууму.
Пасхальны Трыдуум – тры найважнейшыя ў гісторыі чалавецтва дні, падчас якіх здзейснілася справа збаўлення.
На Імшы сабраліся вернікі, каб дзякаваць за сакрамэнты святарства і Эўхарыстыі, устаноўленыя Езусам Хрыстом у Вялікі чацвер.
У гаміліі біскуп Кашкевіч падкрэсліў, што Вялікі чацвер, які перажываецца ў духу веры, у пабожным і поўным засяроджанасці настроі сэрцаў, з’яўляецца напамінам пра адзіны ў сваім родзе запавет, які пакінуў нам наш Збаўца.
“У гэтыя дні Бог-Чалавек пераходзіць з зямнога жыцця праз жорсткую муку да смерці на крыжы, а потым са смерці і цішыні магілы праз таямніцу Уваскрасення – да паўнаты жыцця ў Нябесным Валадарстве”, – дадаў іерарх.
Біскуп адзначыў, што Пан Езус пакінуў нам найпрыгажэйшы і найкаштоўнейшы дар – самога сябе. Ён зрабіў гэта, устанавіўшы Найсвяцейшы Сакрамэнт, які з’яўляецца таямніцай Яго прысутнасці ў свеце. Пад відам хлеба і віна Езус застаўся сярод нас назаўсёды, на ўсе вякі, ажно да сканчэння свету.
“Дзе б у свеце ні цэлебравалася святая Імша, на якім бы алтары, у касцёле, капліцы ці дзесьці пад голым небам, у які б час дня і ночы гэта ні было – гэтая адзіная, непаўторная, найдасканалейшая ахвяра Хрыста на крыжы кожны раз будзе “ўвасабляцца””, – дадаў пастыр Касцёла на Гродзеншчыне.
Біскуп падкрэсліў, што падчас Апошняй Вячэры ў сваіх развітальных словах Пан Езус пастаянна вяртаецца да найбольшай з Божых запаведзяў – да запаведзі любові.
“Як апосталы, так і вучні ўсіх часоў павінны прабываць з Ім, павінны ўтвараць адно з Ім, яднацца з Ім і паміж сабой, як Ён дасканала з’яднаны ў любові з Айцом Нябесным”, – сказаў іерарх.
Біскуп нагадаў, што бачным знакам нашага духоўнага з’яднання з Хрыстом і паміж сабой з’яўляецца святая Камунія. Бо, прымаючы ў Камуніі Найсвяцейшае Цела Хрыста, мы яднаемся з нашым Збаўцам.
“Адначасова мы вучымся сапраўды хрысціянскай любові да бліжняга – любові, якая не ведае межаў і якая дасягае сваёй найбольшай, найпрыгажэйшай праявы ў любові да непрыяцеляў”, – патлумачыў іерарх.
Біскуп прапанаваў прысутным у святыні, прабываючы ў роздуме Вялікага чацвярга, спытацца ў саміх сябе, ці сапраўды яны цэняць гэты найпрыгажэйшы дар – Эўхарыстыю, дзякуючы якой могуць прымаць Пана Езуса ў сваё сэрца. Таму ён заахвоціў вернікаў часта прымаць святую Камунію, якая, падкрэсліў іерарх, з’яўляецца пасілкам для слабых, лекамі для тых, хто ўпаў, суцяшэннем для прыгнечаных духам, выратавальным кругам для тых, хто тоне ў адхлані зла і граху.
Пасля святой Камуніі адбылося перанясенне Найсвяцейшага Сакрамэнту ў “цямніцу”, якая з’яўляецца сімвалам заключэння Езуса ў вязніцу ў ноч перад Мукай.
Кс. Юрый Марціновіч