Skip to main content

Велікапосныя рэкалекцыі прайшлі ў лідскай Фары

rek fara lida 22З 27 па 29 сакавіка ў лідскай парафіі Узвышэння Святога Крыжа (Фара) прайшлі велікапосныя рэкалекцыі. Праводзіў іх кс. Віталій Сідорка, пробашч парафіі Святога Юзафа, рамесніка, і благаслаўлёных сясцёр-мучаніц з Навагрудка ў Лідзе.

На працягу трох дзён кс. Віталій разважаў аб неабходнасці сустрэчы з жывым Хрыстом, аб важнасці сакрамэнту пакаяння ў хрысціянскім жыцці і аб прагненні Божай любові. На сустрэчы з моладдзю святар звярнуў увагу на неабходнасць прыватнай адарацыі, прыватнай размовы з Хрыстом.

У нядзелю 29 сакавіка вернікі парафіі, якія па прычыне пандэміі каранавірусу не прыйшлі ў святыню, маглі ўдзельнічаць у святой Імшы праз трансляцыі з дапамогай сацыяльных сетак.

У Instagram трансляцыю глядзела 110 чалавек, у youtube – 153. У гаміліі кс. Віталій звярнуўся таксама да тых, хто быў анлайн: “Вы не здзяйсняеце граху, калі не прыходзіце сёння на святую Імшу. Вы маеце на гэта дазвол. Але трэба зрабіць і другі крок: калі вы цяпер глядзіце Імшу, але не знойдзеце на працягу дня прачытаць Евангелле ці памаліцца на ружанцы, то перасцярога ад вірусу нічога не дасць. Нядзеля павінна застацца часам сустрэчы з Богам. Нават калі па прычыне хваробы мы не прыйшлі ў касцёл, мы ўсё роўна павінны сустрэцца з Богам”.

rek fara lida 8

І, паказаўшы ўсім маску і антысэптык, святар параўнаў іх з малітвай і споведдзю: малітва, як маска, ахоўвае нас ад граху, а “антысэптык”-споведзь ачышчае душу.

Падчас рэкалекцый парафіяне маглі прыступіць да споведзі, а таксама ўзяць удзел у набажэнствах Крыжовага шляху, падрыхтаваных сем’ямі парафіі і моладдзю.

Трансляцыі нядзельнай Імшы будуць адбывацца на працягу пандэміі каранавірусу ў youtube і Instagram а 11-й гадзіне, а таксама на працягу Пасхальнага Трыдууму і велікодных святаў.

Яна Чайко

 

Ліда, малітва, рэкалекцыі, Вялікі пост