Ва ўрачыстасць Звеставання Пана, 25 сакавіка, у адпаведнасці з распараджэннем Старшыні Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі ў касцёле св. Францішка Ксаверыя ў Гродне адбылося прысвячэнне нашай краіны і яе народа Беззаганнаму Сэрцу Найсвяцейшай Панны Марыі.
Акт прысвячэння падчас адарацыі Найсвяцейшага Сакрамэнту здзейсніў Генеральны вікарый Гродзенскай дыяцэзіі біскуп Юзаф Станеўскі. Іерарх даручыў Пану Богу ў небяспецы пандэміі каранавірусу праз заступніцтва Найсвяцейшай Панны Марыі нашу Айчыну і ўсіх яе жыхароў.
“Будзь нам клапатліваю Маці і нястомнаю Заступніцай у час вялікай небяспекі распаўсюджвання па ўсім свеце гэтай заразнай хваробы. Натхні нас, каб мы верна і ахвярна служылі Табе, Твайму Сыну, Ягонаму Касцёлу і нашым бліжнім”, – сказаў біскуп.
Апоўдні ўсе прысутныя ў святыні ў духоўнай лучнасці з усімі хрысціянамі ў свеце прамовілі Панскую малітву “Ойча наш”. Гэта было адказам на просьбу Святога Айца Францішка, які заахвоціў у гэтыя выпрабавальныя дні, калі чалавецтва дрыжыць ад пагрозы пандэміі, аб’яднаць свае галасы, звяртаючыся да нябёсаў.
Затым адбылася святая Імша, падчас якой Генеральны вікарый дыяцэзіі заклікаў усіх да супольнай малітвы аб спыненні распаўсюджвання гэтай страшнай эпідэміі, якая атакуе ўвесь свет, у тым ліку нашу краіну.
Кс. Юрый Марціновіч