22 сакавіка Генеральны вікарый Гродзенскай дыяцэзіі біскуп Юзаф Станеўскі цэлебраваў св. Імшу за лекараў і тых, хто змагаецца з распаўсюджваннем каранавірусу ў свеце. Эўхарыстыя адбылася ў капліцы Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне.
У гэты дзень прыпадала IV нядзеля Вялікага посту, якая мае асаблівую назву “Laetare” (лац. “радавацца”) і азначае радасць сярод пакаяння, а таксама перадышку ў пакаянні, якое ўжо незадоўга пераменіцца ў радаснае “Аллелюя”.
Біскуп цэлебраваў Эўхарыстыю ў прысутнасці навучэнцаў семінарыі ў Гродне, якіх таксама заахвоціў далучыцца да малітвы ў сваёй інтэнцыі. “Тыя, хто рыхтуюцца быць лекарамі чалавечых душаў, павінны маліцца за лекараў чалавечых целаў. У гэтым праяўляецца адзінства і ўзаемападтрымка асобных членаў Паўсюднага Касцёла”, – зазначыў іерарх перад Імшой.
Дапаможны біскуп Гродзенскай дыяцэзіі прачытаў навіну, якую атрымаў з Італіі – ачагу пандэміі каранавірусу ў Еўропе. Гэта было сведчанне маладога ўрача, які знаходзіцца ў першых лініях фронту барацьбы з пандэміяй. Ён піша, што такога, што ён убачыў за апошнія тры тыдні, не бачыў за ўвесь час працы ў бальніцы: сотні заражаных людзей штодзённа паступалі ў бальніцу, многім ужо немагчыма было дапамагчы, шэсць дзён бесперапыннай працы і прабывання ў бальніцы. “Яшчэ два тыдні таму я і мае калегі былі атэістамі, і гэта было нармальным, бо як лекарам нам пастаянна казалі, што навука выключае існаванне Бога”, – піша 38-гадовы ўрач.
Але на змену поглядаў і стаўлення да веры маладых ахоўнікаў здароўя аказалі ўплыў паводзіны 75-гадовага святара, які паступіў пад іх апеку з цяжкасцямі дыхання. “Усе мы былі стомленыя, разгубленыя, знясіленыя псіхічна і фізічна, але калі паспявалі знайсці вольную хвіліну, мы слухалі яго”, – дзеліцца ўражаннямі ўрач. Спецыялісты захапіліся верай пажылога душпастыра, які, паміраючы, чытаў Святое Пісанне. Пасля гэтага лекарам заставалася прызнаць, што чалавецтва дасягнула сваіх межаў і пакуль не можа зрабіць нічога, каб кожны дзень усё больш людзей не памірала. Працаўнік бальніцы адзначыў: “Мы зразумелі, што там, дзе чалавек нічога не можа зрабіць, нам патрэбны Бог, і пачалі прасіць у Яго дапамогі, калі ў нас толькі з’яўлялася вольная хвіліна”.
Гэты прыклад яшчэ больш заахвоціў прысутных да малітвы за ўсіх лекараў і органы аховы здароўя, якія штодзённа, не пакладаючы рук, змагаюцца з заразай каранавірусу.
“Хто б мог тады падумаць, што такі нязначны жэст – памазанне вачэй балотам – мог аздаравіць вочы сляпога чалавека. Але ж, зразумела, справа не ў балоце, а ў веры чалавека, які без аніякага сумневу даверыўся Пану Езусу”, – адаслаўся да нядзельнага Евангелля біскуп Юзаф.
Пасля заканчэння Імшы было зачытана паведамленне біскупа Гродзенскага Аляксандра Кашкевіча ў сувязі з сітуацыяй распаўсюджвання каранавірусу ў свеце.
“Несумненна, трэба кіравацца верай і з надзеяй прасіць Бога аб выбаўленні ад гэтага вірусу. Але ў Святым Пісанні мы чытаем словы: Не будзеш выпрабоўваць Пана Бога твайго (Мц 4, 7). Таму ў гэты перыяд выпрабавання мы павінны адчуваць адказнасць як за сябе, так і за кожнага бліжняга!” – пракаментаваў іерарх распараджэнне Гродзенскага ардынарыя.
Aндрэй Юхнік
Фота: Павел Леановіч