18 сакавіка ў парафіяльным касцёле святых апосталаў Пятра і Паўла ў Старых Васілішках (Шчучынскі дэканат) адбылася святая Імша ў інтэнцыі кс. Паўла Барысевіча ў 30-ы дзень пасля яго смерці.
На Эўхарыстыі сабраліся шматлікія святары, сёстры законныя і свецкія вернікi. Усе супольна маліліся аб жыцці вечным для спачылагa ксяндза Паўла.
Святую Імшу ўзначаліў біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч, прысутнічаў таксама дапаможны біскуп Гродзенскай дыяцэзіі Юзаф Станеўскі.
У гаміліі аднакурснік спачылага ксёндз Руслан Мазан падкрэсліў, што жыццё ксяндза Паўла, як карабель падчас велізарнай буры, распалася раптоўна і нечакана. “Але мы, найперш як людзі веруючыя, перакананы, што ксёндз Павел не загінуў. Усё сваё жыццё ён стаяў на баку дабра, праўды, на баку Езуса”, – сказаў святар.
Ён дадаў, што спачылы ксёндз Барысевіч у сваім жыцці, хоць і вельмі кароткім, бо памёр у 36 гадоў, палюбіў Хрыста, з якім звязаў свой шлях, калі яго бацькі праз сакрамэнт хросту дазволілі яму нарадзіцца для Бога.
“Кожны дзень ён старанна шукаў у сваім жыцці Езуса, каб адказваць на Яго бясконцую любоў, каб даваць прыгожае сведчанне аб сваім хрысціянскім пакліканні да святасці, а калі жыццё ставіла перад ім выклікі, задачы, часам вельмі цяжкія, то заўсёды шукаў паратунку ў Хрыстовым крыжы”, – адзначыў кс. Руслан.
Пасля Імшы усе прысутныя выйшлі на тэрыторыю перад касцёлам, дзе быў пахаваны кс. Барысевіч. Яны прамовілі малітву “Анёл Панскі”, просячы Бога, каб пасля цяжару зямнога жыцця святар мог атрымаць вечнае збаўленне і прабываць у доме, учыненым не чалавечай рукой, а вечна трываючым у небе.
Ксёндз Павел Барысевіч нарадзіўся 10 красавіка 1984 года. Прэзбітэрскае пасвячэнне прыняў з рук біскупа Гродзенскага Аляксандра Кашкевіча 16 лістапада 2010 года ў катэдральнай базыліцы св. Францішка Ксаверыя ў Гродне.
Пасля пасвячэння служыў вікарыем у парафіi св. Юзафа ў Гродне, парафіі Маці Божай Ружанцовай у Радуні, парафіі св. Міхала Арханёла ў Ашмянах, адміністратарам парафіі Божага Цела ў Дварцы. З 2015 года і да моманту смерці з’яўляўся адміністратарам парафіі Найсвяцейшага Сэрца Пана Езуса ў Наваельні. Ужо на працягу доўгага часу меў праблемы са здароўем.
Кс. Юрый Марціновіч