14 лютага, у свята святых Кіріла і Мятода, апекуноў Еўропы, супольнасць Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне раніцай сабралася ў семінарыйнай капліцы на святой Імшы падзякі ў 26-ю гадавіну асвячэння алтара.
14 лютага 1994 года сённяшні арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі, асвяціў алтар у капліцы Вышэйшай духоўнай семінарыі. Урачыстасць сабрала шматлікіх гасцей, сярод якіх прысутнічалі біскуп Аляксандр Кашкевіч, Гродзенскі ардынарый; арцыбіскуп Беластоцкі Станіслаў Шымецкі, які і падараваў алтар Гродзенскай семінарыі; біскуп Эдвард Азароўскі. Таксама прысутнічалі шматлікія святары, прадстаўнікі Праваслаўнай Царквы і семінарысты. За два дні да гэтай падзеі ў капліцу быў унесены абраз Маці Божай Вастрабрамскай – галоўнай Заступніцы Гродзенскай дыяцэзіі.
Святую Імшу ўзначаліў Генеральны вікарый Гродзенскай дыяцэзіі біскуп Юзаф Станеўскі.
На пачатку літургіі іерарх узгадаў, як, будучы семінарыстам, разам з іншымі братамі аднаўляў семінарыйны будынак, а таксама перажываў тую самую падзею асвячэння новай адноўленай капліцы.
Параўноваючы гэта з урыўкам Евангелля аб місіі сямідзесяці двух вучняў, над якім Касцёл разважае падчас Эўхарыстыі ў гэты дзень, дапаможны біскуп Гродзенскай дыяцэзіі падкрэсліў, што і “тыя, хто скончыў Гродзенскую семінарыю, накіроўваліся на місіі”, і сёння “выпускнікі семінарыі працуюць і ў Афрыцы, і ў Паўднёвай Амерыцы, і ў Азіі”.
Біскуп адзначыў: “Алтар – гэта сэрца нашай капліцы. Гэта сімвалізуе разьба на мэнсе алтара. На алтары адбываюцца самыя важныя моманты ў жыцці будучых святароў: тут здзяйсняецца збаўчая ахвяра Езуса Хрыста, выстаўляецца Найсвяцейшы Сакрамэнт, а таксама на алтары кандыдаты да дыяканскага і прэзбітэрскага пасвячэнняў падпісваюць дэкларацыі”.
“Менавіта сюды, на алтар – сэрца капліцы – мы павінны складваць свае сэрцы. У моманты, калі нашае сэрца б’ецца стабільна, і тады, калі рытм сэрца збіваецца, заўсёды прыходзіць і складваць сваё сэрца на алтар. Да ахвяры Хрыста далучаць ахвяру свайго жыцця!” – заклікаў семінарыстаў іерарх.
Тэкст: Андрэй Юхнік
Фота: Павел Адамовіч