11 лютага ў капліцы Маці Божай з Люрда Лідскай цэнтральнай раённай бальніцы адбылася святая Імша ў інтэнцыі пацыентаў бальніцы i горада Ліда.
Малітоўная сустрэча была прымеркавана да Сусветнага дня хворых, які ў гэты дзень адзначаўся ў Каталіцкім Касцёле.
Імшу ўзначаліў душпастыр Лідскай цэнтральнай раённай бальніцы кс. Юрый Бяганскі.
Падчас літургіі вернікам быў удзелены сакрамэнт намашчэння хворых, дзякуючы якому хрысціянін атрымлівае спецыяльную ласку. Гэты сакрамэнт прыносіць умацаванне, супакой і адвагу, адкрывае на дзеянне Святога Духа, адорвае хворага моцай для барацьбы з хваробай, яднае з Хрыстом, які атаясамлівае сябе з тымі, хто пакутуе: “Я быў хворы, і вы адведалі Мяне” (Мц 25, 36).
На заканчэнне душпастыр бальніцы заахвоціў усіх прысутных не стамляцца ў малітве за медперсанал, усіх урачоў і валанцёраў, а таксама памятаць, што рукі кожнага чалавека заўсёды павінны несці апеку хвораму, а словы – суцяшэнне.
Урачыстая Імша ў бальніцы з нагоды Сусветнага дня хворых, які быў устаноўлены Папам Янам Паўлам ІІ у 1992 г., ужо стала традыцыяй і цэлебруецца кожны год.
Kс. Юрый Марціновіч