Skip to main content

Адэльск ушаноўвае св. Антонія

Сёлетняя ўрачыстасць св. Антонія ў Адэльску была нязвыклай. Падчас урачыстасцей апекуна парафіі кс. абп Тадэвуш Кандрусевіч, молячыся разам з прысутным людам, дзякаваў за 30 год святарства.
Ксёндз Арцыбіскуп нарадзіўся ў Адэльску, таму хацеў у гэты дзень разам з усімі вернікамі падзякаваць праз св. Антонія за ўсе ласкі, атрыманыя на святарскім шляху.
Урачыстасць распачалася ў мясцовым клубе, дзе кс. проб. Валерый Быкоўскі разам з парафіянамі падрыхтаваў музычна-слоўную праграму пра жыццё і дзейнасць кс. абпа Тадэвуша. Прысутныя маглі даведацца пра дзейнасць Ксяндза Арцыбіскупа ў Расіі і Беларусі. Потым усе перайшлі ў касцёл, каля якога на парафіяльным пляцы была адпраўлена ўрачыстая св. Імша пад кіраўніцтвам кс. абпа Тадэвуша Кандрусевіча.
На св. Імшы прысутнічалі святары нашай дыяцэзіі і Мінска-Магілёўскай мітраполіі, а таксама святары з Польшчы, Літвы і Расіі. Падчас гаміліі Ксёндз Арцыбіскуп прыгадаў свій святарскі шлях, а таксама звярнуў увагу на тое, які вялікі ўплыў на яго пакліканне мелі розныя людзі. Звяртаючыся да прысутных, Ксёндз Арцыбіскуп сказаў, што “аб тым, наколькі прыгожая краіна, вырашаюць не шырокія дарогі ці добрыя дамы, а духоўнае жыццё чалавека”. Ксёндз Арцыбіскуп таксама заахвоціў вернікаў, каб па ўзоры св. Антонія яны станавіліся “моцнымі вестунамі навучання Хрыста”. На заканчэнне св. Імшы адбылася працэсія, пасля якой усе адправіліся ў цэнтр мястэчка, каб паслухаць аркестр з Парэчча і захапляцца танцавальным майстэрствам дзіцячага калектыва з гэтай жа мясцовасці. Увечары гэтага ж дня Ксёндз Арцыбіскуп маліўся ў Францішканскім касцёле ў Гродне, дзе пэўны час быў пробашчам.
Памятайма ў сваіх малітвах пра кс. абпа Тадэвуша Кандрусевіча, які ў 30-ю гадавіну святарскіх пасвячэнняў напісаў на сваім абразку словы евангеліста Мацвея: “Ойча наш…, будзь воля Твая” (Мц 6, 9-10).