10 верасня ў парафіі Найсвяцейшай Тройцы ў Шылавічах (Ваўкавыскі дэканат) адзначылі стагоддзе з часу смерці кс. Казіміра Станёніса, дзякуючы якому быў пабудаваны парафіяльны касцёл.
Імшу ў велічным шылавіцкім касцёле ўзначаліў біскуп Гродзенскі Уладзімір Гуляй, у ёй удзельнічалі біскуп эмерыт Аляксандр Кашкевіч, іншыя святары, законныя сёстры, шматлікія парафіяне і госці.
Падрыхтавацца да гэтай даты, важнай для парафіі, мясцовым вернікам дапамагала чатырохдзённая перэгрынацыя копіі фігуры св. Арханёла Міхала з Гаргана.
Акрамя таго, на Імшы дзякавалі Богу за беатыфікацыю кс. Браніслава Маркевіча, з часу якой сёлета адзначаецца 20 гадоў, – ён з’яўляецца заснавальнікам
Кангрэгацыі св. Арханёла Міхала, святары якой служаць у гэтай парафіі, – і за ўсіх ахвярадаўцаў, якія аказвалі дапамогу ў рамонце касцёла. Таксама біскупы ўдзялілі на літургіі сакрамэнт канфірмацыі, да якога прыступілі ў агульнай колькасці 50 маладых людзей.
Біскуп Гродзенскі ў гаміліі назваў жыццё і служэнне кс. Казіміра Станёніса “вялікім дарам”, а яго самога – “чалавекам веры, надзеі і сэрца”, чыя спадчына “дыхае ў сценах, што нас абдымаюць, чутная ў малітвах, што ўзносяцца з гэтага месца, жыве ў веры, якую ён дапамагаў укласці ў сэрцы вернікаў”. “Будуючы святыню, ён адначасова будаваў супольнасць: вучыў любіць Бога, шанаваць Эўхарыстыю, захоўваць адзінства, падтрымліваць слабых, несці надзею. Ён ведаў, што сапраўдны фундамент — гэта Хрыстус”, – дадаў біскуп.
Па словах іерарха, важна не тое, што сцены касцёла праз сто гадоў сталі старэйшымі, а “тое, што яны жывыя”: “Бо касцёл – гэта не музей. Касцёл – гэта не памятная рэч, якая нагадвае пра мінулыя часы. Касцёл – гэта супольнасць. Людзі. Эўхарыстыя. Споведзь. Сакрамэнты. Любоў да бліжняга”. “Сёння мы ў жывым Божым доме, дзе памяць пра святара-будаўніка становіцца заклікам: “Ідзіце і вы, будуйце далей!” Будаваць — значыць аднаўляць веру ў сем’ях, абараняць годнасць чалавека, вучыць дзяцей малітве, стаяць на варце праўды і міласэрнасці, каб святло Евангелля не згасла”, – адзначыў біскуп.
Кажучы пра тое, што ў апошнія гады парафіяне аднаўлялі касцёл, іерарх падкрэсліў, што “Бог заўсёды прапануе і рамонт унутраны – рамонт сумлення і сэрца”.
Вернікам, якія прыступілі на гэтай літургіі да канфірмацыі, біскуп сказаў, што “гэта не экзамен, а дар”. “Сёння Бог кажа вам: “Не пакіну вас сіротамі. Пашлю вам Духа Суцяшальніка”. І гэта не значыць, што з гэтага моманту ўсё ў жыцці пойдзе гладка. Не. Але гэта значыць, што вы ніколі не будзеце самотнымі. Дух Святы будзе з вамі, калі трэба будзе выбіраць дарогу, калі будзеце змагацца за чысціню сэрца, калі будзеце гаварыць з няверуючымі, калі прыйдзе спакуса пакінуць малітву”, – адзначыў іерарх і прапанаваў кожнаму з канфірмаваных падумаць над пытаннем: “Ці хачу я, каб Дух Святы ўвайшоў у маё жыццё – не толькі сёння, а штодзённа?”
Біскуп папрасіў канфірмаваных прыняць “пяць простых, але моцных рашэнняў”: удзельнічаць у нядзельнай Эўхарыстыі (“ніякіх кампрамісаў, у гэтым крыніца сілы”), сістэматычна (штомесяц) спавядацца — “каб не назапашваць цемру”, хаця б пяць хвілін штодня ўдзяляць чытанню Евангелля, здзяйсняць канкрэтнае служэнне — “у хоры, пры алтары, у валанцёрстве, у дапамозе старым людзям”, клапаціцца аб чыстых адносінах і адказных паводзінах у Інтэрнэце (“хай вашыя сеткі распаўсюджваюць павагу, а не хейт, праўду, а не фэйкі”).
Усіх вернікаў парафіі біскуп заклікаў “быць чулымі да самых далікатных, каб бедны і самотны адчувалі сябе тут як дома, каб моладзь чулі і суправаджалі, каб людзі, якія сутыкнуліся з выпрабаваннямі, не заставаліся адны”.
“Супольнасць – гэта месца, дзе грэшнік не адкідваецца, а запрашаецца да навяртання, слабы знаходзіць дапамогу, малады – прыклад, пажылы – пашану, – дадаў іерарх. – І ў гэтай парафіі ёсць менавіта такі дар. Бо тут у вас ёсць не толькі будынак – у вас ёсць людзі з сэрцам. А гэта сёння сапраўды вялікая рэдкасць”.
У канцы літургіі пробашч парафіі кс. Мар’ян Хаменя CSMA падзякаваў біскупам і ўсім прысутным за супольную малітву.
Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі