12 верасня ў гродзенскім рэктаральным касцёле Звеставання Найсвяцейшай Панне Марыі адзначалася 25-годдзе манаскага жыцця с. Антоніі Шэйгерэвіч Кангрэгацыі Сясцёр Найсвяцейшай Сям’і з Назарэта.
Святую Імшу з гэтай нагоды цэлебраваў біскуп эмерыт Аляксандр Кашкевіч. На літургіі дзякавалі Богу за дар паклікання сястры Антоніі ў супольнасць назарэтанак, галоўная мэта якой – пашырэнне Валадарства Божай любові праз наследаванне прыкладу Езуса Хрыста, Панны Марыі і святога Юзафа.
Біскуп падзякаваў юбілярцы за адданае служэнне Касцёлу і пажадаў Божага благаслаўлення на далейшыя гады.
Пасля літургіі святкаванне працягнулася ў доме правінцыі супольнасці назарэтанак.
Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі