19 студзеня ў Іўі адбыўся XVII фестываль калядных песень “Gloria in Excelsis Deo”. Фестываль, які праходзіў у гарадскім доме культуры, сабраў каля 300 удзельнікаў з розных парафій Іўеўскага дэканату.
На фестываль прыбылі госці з Беларусі і замежжа, якія цалкам напоўнілі мясцовы дом культуры.
У розных катэгорыях выступілі салісты, дуэты, трыо, квартэты і ансамблі. Ганаровымі гасцямі свята акрамя парафіянаў горада i іншых парафій дэканату сталі між іншым Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, прадстаўнікі мясцовай улады ў асобе старшыні Іўеўскага райвыканкама Аляксандра Булака і дыпламатычнага корпусу ў асобе Пасла Рэспублікі Польшча Артура Міхальскага i Генеральнага консула Рэспублікі Польшча ў Гродне Яраслава Ксенжыка, прадстаўнікі Польскага нацыянальнага фонду.
Як адзначае арганізатар фестывалю кс. Ян Гавецкі, гэтае мерапрыемства ўжо даўно ўпісалася ў каляндар традыцыйных падзей ва ўсім дэканаце, як і ў самім Іўі. “Дзеці і моладзь з вялікай нецярплівасцю чакаюць гэтага фестывалю. Яны чакаюць таксама ўзнагароды, аднак найважнейшае ва ўсім гэтым – іх удзел, тое, што яны могуць быць разам, будаваць супольнасць”, – дадае святар.
Звяртаючыся да ўдзельнікаў фестывалю, арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч падкрэсліў, што калядныя канцэрты набліжаюць людзям таямніцу прыйсця Бога ў свет і дапамагаюць лепш яе зразумець.
Таксама, па словах іерарха, такія канцэрты спрыяюць новай евангелізацыі. Taму ён падзякаваў усім артыстам і пажадаў ім поспехаў у жыцці і мастацкай дзейнасці.
Самі ўдзельнікі фестывалю прызнаюцца, што для іх гэта сапраўднае духоўнае свята, дзе яны могуць знаёміцца, адкрываць свае “закапаныя” таленты, а найперш супольна славіць Бога.
Антон Шукаў пасля заканчэння фестывалю прызнаецца: “Столькі драйву, энергіі, эмоцый, напэўна, больш нідзе не атрымаеш. Хоць роля вядучага нялёгкая, шэсць гадзін, праведзеныя за кулісамі, праляцелі як адно імгненне”.
Хлопец дадае, што ён кожны раз пасля аб'яўлення чарговага выканаўца, гледзячы, як той хвалюецца перад выхадам на сцэну, перажывае разам з ім. А паколькі ён сёлета быў у ролі вядучага і выканаўцы, хваляваўся ўдвая больш. Але ўсё атрымалася вельмі добра.
“Фестываль цалкам апраўдаў званне самай масштабнай і яркай падзеі, звязанай з каляднай песняй. Я лічу яго вельмі ўдалым”, – кажа Антон.
Фестываль, які ў наступным годзе адзначыць сваё паўналецце, стаў для мясцовых вернікаў святам парафіі, горада і дэканату. “Гэта сапраўднае свята маёй парафіі. Дзякуючы намаганням многіх людзей мы збіраемся тут, каб праславіць Пана, сустрэць старых знаёмых і з карысцю правесці час”, – адзначае Антон Дубовіч.
З кожным годам гэтае свята музыкі адорвае і ўдзельнікаў, і гледачоў мноствам пазітыўных эмоцый, якіх, магчыма, хопіць на цэлы год. “Фестываль падарыў вельмі шмат незабыўных эмоцый. З кожным годам праяўляецца штосьці новае і цікавае. Гэта было крута!” – кажа поўная ўражанняў і запаленая энергіяй Мілена Захар.
Прысутныя і самі ўдзельнікі фестывалю адзначаюць, што з кожным годам яго планка падымаецца ўсё вышэй. Сястра Ірына Барцэвіч FMA была ў журы і ёй нялёгка было вырашаць, хто лепшы, бо, як падкрэслівае, усе ўдзельнікі былі цудоўныя і арыгінальныя. Па яе словах, “беднае журы сёлета мела шмат працы”.
“Больш за 30 нумароў, шмат розных катэгорый. І таксама вельмі хочацца быць аб'ектыўнымі. У гэтым годзе па-сапраўднаму нялёгка было, бо ўзровень удзельнікаў вельмі высокі. Таксама і заслуга кіраўнікоў у гэтым. Аднак і самі ўдзельнікі шмат працавалі, каб быць першымі”, – кажа сястра Ірына.
Свята калядак і пастаралак пакінула мноства добрых успамінаў і цудоўных хвілін, якія надоўга застануцца ў памяці. Некаторыя кажуць, што гэтай энергіі і радасці хопіць ім да чарговага фестывалю, што яны будуць спадарожнічаць ім увесь год.
Усе ўдзельнікі вельмі ўдзячныя кс. Яну Гавецкаму, які шмат клапоціцца аб тым, каб фестываль з кожным годам набіраў новыя абароты. Яму важна, каб найперш у сэрцах удзельнікаў нарадзілася жаданне чыніць дабро і ісці шляхам, які вызначыў Хрыстус Пан, чыё прыйсце ў свет яны славяць у сваіх песнях.
Дзеці і моладзь таксама ўдзячныя с. Ірыне Бучынскай, якая кожны год уносіць велізарны ўклад у падрыхтоўку свята, пішучы сцэнарыі, праводзячы рэпетыцыі і сочачы, каб усё было зроблена як найлепш.
Усе яны спадзяюцца, што ў наступным годзе самы яркі, самы грандыёзны, самы незабыўны фестываль горада Іўе пройдзе ў 18-ы раз і збярэ яшчэ больш таленавітых дзяцей і моладзі, у чарговы раз пакажа, што Іўеўшчына мае здольных, таленавітых людзей.
Вынікі фестывалю:
I катэгорыя: салісты
1 узроставая група (6-9 гадоў):
1 месца – Соф'я Галавенка, парафія ў Іўі
2 месца – Mарыя Матвейка, парафія ў Трабах
3 месца – Максім Керымаў, парафія ў Іўі
2 узроставая група (10-13 гадоў):
1 месца – Анастасія Гуранкова, парафія ў Іўі
2 месца – Марус Ашмантас, парафія ў Трабах
3 месца – Aнтаніна Яркавец, парафія ў Іўі
3 узроставая група (14-16 гадоў):
1 месца – Ірына Оева, парафія ў Лаздунах
2 месца – Паліна Пірог, парафія ў Юрацішках
3 месца – Дзмітрый Някрасаў, парафія ў Ліпнішках
4 узроставая група (17-20 гадоў):
1 месца – Антон Шукаў, парафія ў Іўі
2 месца – Сняжана Бутурля, парафія ў Іўі
II катэгорыя: дуэты, трыо, квартэты
1 узроставая група (10-13 гадоў):
1 месца – Патрыцыя і Дамініка Мусік, парафія ў Лаздунах
2 месца – Раман Буднік і Кірыл Багдзевіч, парафія ў Іўі
3 месца – Ганна Матвейка і Дар’я Келдановіч, парафія ў Трабах
2 узроставая група (14-25 гадоў):
1 месца – Дар’я Місевіч, Ганна Пякша, Дзіяна Бублік, Віялета Кярней, парафія ў Ліпнішках
2 месца – Алена Райская, Ангеліна Сільвановіч, Паліна Гардзей, Дзіяна Дабраловіч, парафія ў Трабах
3 месца – Ксенія Івуць, Вольга Масейка, Наталля Бутурля, парафія ў Лаздунах
III катэгорыя: ансамблі і хоры
1 месца – ансамбль “Ютранка”, парафія ў Іўі
2 месца – вакальны ансамбль “Бэтлеемскія зорачкі”, парафія ў Юрацішках
3 месца – хор “Суботнія зоркі”, парафія ў Суботніках
Гран-пры фестывалю атрымаў ансамбль “Надзея” парафіі ў Іўі.
Кс. Юрый Марціновіч
Фота: Баляслаў Гавецкі