14 студзеня дапаможны біскуп Гродзенскай дыяцэзіі Юзаф Станеўскі благаславіў пакоі і залы будынка Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне.
Семінарыйная супольнасць увечары сабралася ў капліцы. Звяртаючыся да прысутных, біскуп адзначыў: “У перыяд Божага Нараджэння ў парафіях звычайна ёсць традыцыя “каляды” і пастырскага візіту, падчас якога святар наведвае сем’і сваіх парафіянаў і благаслаўляе іх дамы і пакоі. Але гэта не ўсё. Галоўнае для святара – пазнаёміцца са сваімі вернікамі і той сітуацыяй, у якой яны штодзённа жывуць”.
Іерарх узгадаў традыцыю пазначаць дзверы дамоў крэдай і ў чарговы раз нагадаў яе сэнс. “Адзін старэйшы святар пазначаў дзверы пакояў нагарам ад свечкі”, - адзначыў біскуп, падкрэсліваючы, як важна захоўваць гэты звычай.
На пачатку біскуп разам з выхавацелямі памаліўся ў інтэнцыі семінарыі і тых, хто яе ўтварае. Іерарх благаславіў і акрапіў асвячанай вадой семінарыйную капліцу, пакоі выхавацеляў і семінарыстаў, кухню і сталоўку, а таксама месца вучобы.
Aндрэй Юхнік
Фота: Павел Леановіч