Юбілейная, 10-ая пілігрымка вырушыла 25 ліпеня з Гродна ў Навагрудак да месца мучаніцкай смерці 11-ці сясцёр назарэтанак. Перад тым, як выйсці ў шлях, удзельнікі паломніцтва сабраліся на малітве ў пабрыгіцкім касцёле. Св. Імшу ўзначаліў дапаможны біскуп Гродзенскай дыяцэзііі Юзаф Станеўскі.
Звяртаючыся да вернікаў, іерарх адзначыў, што яны накіруюцца да крыніцы святасці: "Пастарайцеся падчас супольнага шляху знайсці сваю асабістую дарогу, а бласлаўлёныя манахіні з Навагрудка няхай апякуюцца вамі ў зробленым выбары".
Іерарх таксама заклікаў прысутных несці Слова кожнаму стрэчнаму і ў кожны дом, дзе будуць начаваць. "Напоўніце гэтых людзей сапраўднай любоўю і падзяліцеся з імі Божымі дарамі", - дадаў ён.
На заканчэнне св. Імшы біскуп Юзаф удзяліў пілігрымам благаслаўленне рэліквіямі бл. сясцёр мучаніц.
Сёлета пілігрымка вырушыла пад дэвізам “Бог шукае чалавека ў табе” (Мц 5, 1–9), пад кіраўніцтвам новага духоўнага кіраўніка кс. Генадзя Кухарэвіча CSMA . Паломніцтва сабрала каля 65-ці ўдзельнікаў.
Даведка:
У ліпені 1943 г. у Навагрудку было арыштавана каля 120 мужчын, будучы сумны лёс якіх не выклікаў у людзей сумневаў. Настаяцельніца супольнасці сясцёр назарэтанак сказала тады кс. Аляксандру Зянкевічу, адзінаму ацалеламу ў акрузе святару: "Мой Божа, калі патрэбна ахвяра жыцця, няхай лепш нас расстраляюць, чым тых, хто мае сем'і". 1 жніўня ў лесе за горадам манахіні былі расстраляныя, а мужчыны вярнуліся ў свае сем'і. Пасля вайны 19 красавіка 1945 г. целы сясцёр мучаніц былі перанесены і пахаваныя каля Белай Фары ў Навагрудку. 27 верасня 1991 г. іх рэліквіі перанеслі ў грабніцу ў бочнай капліцы касцёла. 5 сакавіка 2000 г. у Рыме адбылася беатыфікацыя 11 сясцёр назарэтанак.
Ангеліна Марцішэўская